BE RU EN

Андрэй Касціцын набраў 17-ы бамбардзірскі бал у гэтым сезоне

  • 30.12.2008, 14:40

Беларускі нападаючы «Манрэаля» Андрэй Касціцын набраў чарговы бал у Нацыянальнай хакейнай лізе.

Як паведамляе БелТА, у матчы канадцаў з «Фларыдай» на 11 хвіліне першага перыяду разам з Андрэем Маркавым Касціцын вывеў на кідок Аляксея Кавалёва. Гэтая атака дазволіла «Манрэалю» зраўняць лік — 1:1.

Сапраўдным жа героем паядынку стаў Максім Лапьер. Каманды давялі лік да 2:2, пасля чаго Лапьер закінуў у вароты «Фларыды» тры шайбы. У выніку «Манрэаль» атрымаў у гасцях перамогу — 5:2.

Андрэй Касціцын правёў на пляцоўцы 18 хв. 23 сек., нанес па варотах суперніка чатыры кідкі і зарабіў каэфіцыент карыснасці -1. Яго брат Сяргей у гэтым матчы на пляцоўцы знаходзіўся 12 хв. 23 сек. Аднак вызначыцца чым-небудзь, акрамя каэфіцыента карыснасці -1, у Касціцына-малодшага не атрымалася. Такім чынам, на рахунку Андрэя Касціцына 17 балаў (9+8). Сяргей Касціцын у гэтым сезоне мае 13 (6+7) балаў.

«Каларада», у складзе якога выступае беларускі абаронца Руслан Салей, мінулай ноччу выйграў у «Нэшвіла» — 5:1. Галявых балаў беларус не набраў, аднак стаўся вельмі карысны сваёй камандзе. Каэфіцыент карыснасці Салея ў гэтым паядынку склаў +2. На лёдзе Руслан правёў 20 хв. 27 сек. Усяго ж на яго рахунку ў бягучым сезоне 9 (1+8) балаў.

Узначальвае спіс беларускіх бамбардзіраў Міхаіл Грабоўскі з «Таронта». Ён набраў 22 (12+10) балы.

Апошнія навіны