BE RU EN

Крызыс дабраўся й да вайскоўцаў: зьмяншаюцца заробкі і пэнсіі

  • 4.12.2008, 10:26

Беларускія вайскоўцы незадаволеныя рэзкім зьмяншэньнем заробкаў і пэнсіяў, якое адбылося ў снежні.

У кастрычніку, дзякуючы надбаўцы за званьне, кожны беларускі вайсковец атрымаў на 100-300 тысяч больш, чым у верасьні. Аднак доўга гэтым рашэньнем вайскоўцы не нацешыліся. Напрыканцы лістапада зьявіліся чуткі, што ў сьнежні надбаўкі за званьне ўлічвацца ня будуць. Ва ўрадзе быццам бы прынятае рашэньне пра часовае прыпыненьне выплаты ў сувязі зь фінансавымі цяжкасьцямі краіны. 1 сьнежня чуткі сталіся фактам, паведаміла “Польскае радыё”.

Вайскоўцы пачалі моцна абурацца, бо ўрад яшчэ ўлетку абяцаў павысіць заробкі й пэнсіі, а калі ўжо павысіў, то празь месяц зьняў.

“Ёсьць такая незадаволенасьць. Я сустракаўся са знаёмымі, і яны вельмі незадаволеныя гэтай сытуацыяй. Справа ў тым, што ў мінулым месяцы яны павялічылі заробак і пэнсію за вайсковае званьне, а ў гэтым месяцы зьнялі. Канкрэтна нічога не тлумачаць, маўляў, фінансавыя складанасьці. Калі б яны ў мінулым месяцы ўвогуле нічога не дабаўлялі, то было б лепш, чым зрабіць такое глупства”, -- гаворыць былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі.

Некаторым вайскоўцам патлумачылі, што складанасьці зьвязаныя з заробкам – гэта ніякі ня крызыс, а памылка, якую ў мінулым месяцы быццам бы зрабіла Міністэрства абароны. Паводле гэтай вэрсіі, у лістападзе да заробкаў і пэнсіяў дадалі больш, чым плянавалася, таму ў гэтым месяцы мусілі адняць, каб выправіць памылку.

Пра гэта нам распавяла сям’я ваеннаслужачых у Менскай вобласьці, якой ад заробку аднялі больш за 100 тыс.

“Трэба было палову гэтага налічыць, а яны налічылі больш. Маўляў, плянавалася на 50 тыс. павялічыць, а атрымалася на 100, таму будзе пераразьлік. Гэтая ўрэзка пайшла быццам бы на зраўнаньне надбаўкі”, -- кажа яна.

У практыцы ў вайскоўцаў забралі больш, чым дадалі месяц таму. Калі ў лістападзе яны павінны былі атрымаць на 50 тыс. больш, а не 100, як гэта было, то цяпер у іх забралі й тыя 50 тыс., якія рэальна ім прыслугоўвалі. Гэтыя сродкі вайскоўцам плянуюць вярнуць напрыканцы году, то бок яшчэ ў гэтым месяцы. У некаторых вайсковых частках заробкі служачых сталі нават на 5-10 тыс. меншымі, чым у верасьні.

Падпалкоўнік у адстаўцы Мікола Статкевіч лічыць, што дзеяньні ўладаў сьведчаць аб сур’ёзных складанасьцях у эканоміцы. “Войска ў любой краіне – кажа ён – павінна быць забясьпечанае”.

“Любая ўлада заўсёды імкнецца добра ўтрымоўваць войска. І самае горшае, што тут можна зрабіць, гэта ня тое, што не дабавіць, а тое, што далі, а потым забралі. Якраз гэта выклікае найбольшае абурэньне, бо людзі падзялілі ўжо гэтыя грошы, заплянавалі сямейны бюджэт, а тут ізноў забралі. Гэта выклікае шмат абурэньня”, -- сцвярджае Статкевіч.

Міністэрства абароны Беларусі пакуль ніяк не камэнтуе справы. Невядома таксама, на ўзроўні якога ведамства прынятае рашэньне аб зьмяншэньні заробкаў – Мінабароны, Рады міністраў ці прэзыдэнта.

Апошнія навіны