З менскіх навагодніх ёлак масава крадуць лямпачкі
- 4.12.2008, 10:51
Гарадскія навагоднія ёлкі ў сталіцы ўсталявалі зусім нядаўна, а ўжо зафіксаваныя факты крадзяжу лямпачак з гірлянд.
Па словах начальніка спецыялізаванага раёна УП “Менгарсвет” Георгія Таболіна, на ёлцы, якая ўсталяваная каля Нацыянальнай бібліятэкі, за гэты час выкруцілі 83 лямпачкі. Прыкладна столькі жа не далічыліся на зялёнай прыгажуні, што на праспекце Пераможцаў. У некаторых выпадках вырываюць лямпачкі разам з патронамі.
Са ўчорашняга дня гарадскія ёлкі здадзеныя пад ахову супрацоўнікам міліцыі. Хуліганам пагражае адміністрацыйная або крымінальная адказнасць. У залежнасці ад памеру шкоды.