Мінэканомікі: Зарплаты зніжаюцца. Больш складанай сітуацыя будзе ў першым квартале 2009 года
- 4.12.2008, 13:14
Намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур пацвярджае зніжэнне тарыфнай стаўкі I разраду з 1 снежня.
Ён таксама пацвердзіў і тое, што знізіць зарплату рэкамендаваў Міжнародны валютны фонд.
«Так, мы знізілі зарплату (з 1 снежня – «ИФ»)», - заявіў А.Тур журналістам, адказваючы на пытанне, ці прынятае адпаведнае рашэнне ўрадам.
Ён патлумачыў, што гэтае рашэнне абумоўленае пагаршэннем для Беларусі знешнеэканамічнай кан'юнктуры, што прыводзіць да зніжэння падаткаабкладанай базы і, адпаведна, змяншэння прыбыткаў бюджэту, паведамляе «Интерфакс».
Пры гэтым А.Тур лічыць, што «больш складанай сітуацыя будзе ў I квартале 2009 года, паколькі Беларусь істотна залежыць ад знешніх рынкаў».
На яго думку, «ёсць праблемы з пункту гледжання захавання высокіх тэмпаў эканамічнага развіцця».
«Нам важна захаваць стабільнасць развіцця эканомікі. Магчыма, не такімі высокімі тэмпамі, але без рэцэсіі», - сказаў А.Тур, абгрунтоўваючы рашэнне ўрада аб зніжэнні зарплаты «бюджэтнікам».
Ён нагадаў, што падчас крызісу 1998 года ВУП Беларусі вырас на 8,2%, а ўжо ў 1999 годзе ён зменшыўся да 2-3%. «Гэтыя рэчы трэба браць пад ўвагу», - лічыць намеснік міністра.
Каментуючы сувязь гэтага рашэння ўрада Беларусі з перамовамі з МВФ аб даванні крэдыту, А.Тур адзначыў, што ў перамовах з МВФ абмяркоўвалася не толькі дынаміка зарплаты, але і цэлы комплекс мераў».
«Я думаю, што іх рэкамендацыі па зніжэнні зарплаты былі не самай ключавой праблемай», - дадаў намеснік міністра.