Выпускнікоў ВНУ размяркоўваць на 5 гадоў пакуль не будуць, але хочуць
- 4.12.2008, 15:00
Хаця чыноўнікі яшчэ не рыхтуюць ніякіх дакументаў аб змяненні тэрмінаў адпрацоўкі выпускнікоў ВНУ па размеркаванні да 5 гадоў, размовы на конт гэтага ў міністэрствах не змаўкаюць.
Улетку, падчас адной са сваіх нарадаў, Аляксандр Лукашэнка выказаўся «за» неабходнасць павелічэння тэрміна адпрацоўкі па размеркаванні для маладых медыкаў і спецыялістаў, якія накіроўваюцца на працу ў сельскую гаспадарку. Ці не зменіцца тэрмін адпрацоўкі ўжо для цяперашніх выпускнікоў ВНУ?
Прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Вольга Шульпіна паведаміла «Еўрарадыё», што пакуль пытанне павелічэння тэрмінаў адпрацоўкі для маладых спецыялістаў-медыкаў у іх не разглядаюць, але збіраюцца.
«Гэта было толькі выказванне Аляксандра Лукашэнкі ўлетку. Пакуль нічога няма ў нас на гэтую тэму. Вядзецца нейкая праца, але пакуль нічога канкрэтнага», - кажа Вольга Шульпіна.
Памочнік міністра сельскай гаспадаркі і прамысловасці Мікалай Чупік прызнаў, што ў вёсцы сапраўды не хапае маладых спецыялістаў. І было б не дрэнна, калі б была магчымасць іх затрымаць у гаспадарцы. Але, паводле яго словаў, іх міністэрства проста не мае права выходзіць з нейкімі заканадаўчымі ініцыятывамі на гэты конт.
«Пытанні апбраблення зямлі, прыборкі ўраджаю, рамонту тэхнікі, тэхналогіі і сродкаў абароны раслінаў – гэта нашае, вось нашыя функцыі. А заканадаўчыя пытанні, аб якіх вы пытаецеся – гэта функцыі Міністэрства адукацыі. У нас сапраўды ёсць праблемы з замацаваннем маладых спецыялістаў, але яны не такім чынам павінны вырашацца», - лічыць Мікалай Чупік.
Як паведаміў «Еўрарадыё» начальнік ўпраўлення аналітычнай і прававой працы Міністэрства адукацыі Анатоль Кучынскі, пэўныя размовы наконт магчымага павелічэння тэрмінаў адпрацоўкі па размеркаванні для выпускнікоў ВНУ некаторых спецыяльнасцяў у іх сапраўды былі. Але, паводле яго словаў, не больш за тое. Менавіта гэтае ўпраўленне прыводзіць любыя прапановы міністэрства ў адпаведнасць з прававымі нормамі. Пакуль ім для апрацоўкі нічога, кажа ён, не прыходзіла.
«Размовы хадзілі, але нейкага пэўнага даручэння праз наша ўпраўленне не ішло. Наколькі я разумею, рашэнне яшчэ не прынятае», - паведаміў Анатоль Кучынскі.
Праўда, час да таго, як пачнецца размеркаванне новых выпускнікоў ВНУ, яшчэ ёсць. Ды і навучыліся нашыя чыноўнікі рыхтаваць новыя пастановы ў сакрэтнасці.