Прысуд Раману Менцюку пакінулі без зменаў
- 5.12.2008, 10:36
Суд Менскай вобласці пакінуў без зменаў прысуд вінаватаму ў буйной аварыі на трасе «Менск – Мікашэвічы» Раману Менцюку.
Касацыйную скаргу, якую сёння разгледзеў суд, падала адвакат асуджанага Алена Майсеня.
Як паведамлялася, суд Менскага раёна і Заслаўля прысудзіў Рамана Менцюка да 5 год пазбаўлення волі, прызнаў яго вінаватым па частцы другой артыкула 317 КК Беларусі (парушэнне Правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці прычыненне цяжкага целавага пашкоджання).
Таксама Рамана Менцюка на 5 год пазбавілі права кіравання ўсімі відамі транспартных сродкаў. Акрамя таго, суд пастанавіў спагнаць з яго на карысць дзяржавы выдаткі, панесеныя УУС Мінаблвыканкама за вышук, і выдаткі, звязаныя з ягоным медыцынскім лячэннем, а таксама рэабілітацыяй Андрэя Дзьякова, што праходзіў па справе ў якасці пацярпелага.
Раман Мянцюк 2 сакавіка бягучага года быў за рулём у стане алкагольнага ап'янення, не маючы пасведчання кіроўцы. Пры гэтым аўтамабіль рухаўся з хуткасцю амаль 160 км/г, тым самым кіроўца ствараў аварыйную сітуацыю. Пры ягоным пераследзе супрацоўнікі ДАІ дзейнічалі недастаткова прафесійна. У выніку пацярпелі людзі, некаторыя з іх атрымалі траўмы. Вінаваты ў ДТЗ пасля схаваўся і быў абвешчаны ў вышук. У ліпені Раман Мянцюк быў арыштаваны ў Маскве, а пасля ў верасні бягучага года экстрадаваны ў Беларусь.