BE RU EN

Памёр маскоўскі патрыярх Алексій Другі (Абноўлена)

  • 5.12.2008, 11:05

У пятніцу раніцай памёр патрыярх Маскоўскі Алексій II. Прычынай смерці святара стала сардэчная недастатковасць, паведамілі расейскім СМІ ў Маскоўскім патрыярхаце.

Аб гэтым перадае ІТАР-ТАС са спасылкай на кіраўніка прэс-службы Маскоўскай патрыярхіі - святара Уладзіміра Вігілянскага.

Кіраўнік Рускай праваслаўнай царквы памёр у сваёй рэзідэнцыі ў Перадзелкіне. У апошнія гады святар пакутаваў на ішэмічную хваробу сэрца, перанёс некалькі інфарктаў і найцяжэйшы інсульт. У пачатку снежня ён вярнуўся з Нямеччыны, дзе праходзіў чарговы курс лячэння. У пятніцу раніцай патрыярху Алексію стала дрэнна, была выкліканая рэанімацыя. Лекары паспрабавалі запусціць сэрца, якое спынілася, аднак спроба апынулася няўдалай, піша "Интерфакс".

Мяркуючы па ўсім, смерць патрыярха стала нечаканасцю нават для яго атачэння. Яшчэ ўчора паведамлялася, што Алексій II у пятніцу прыме ўдзел у дыскусіі аб расейскай мове і каштоўнасцях айчыннай культуры, паведамляла агенцтва "Интерфакс".

Тым часам у Маскве рыхтуецца экстранае паседжанне Святога Сінода РПЦ, на якім будзе абвешчана аб даце пахавання патрыярха Алексія, а таксама названае імя местаблюсціцеля Патрыяршага пасаду, які будзе выконваць абавязкі да выбараў патрыярха. "Многія іерархі ўжо прыехалі ў сталіцу, але само паседжанне яшчэ не пачалося", - перадае ІТАР-ТАС заяву патрыярхіі. Паседжанне адкрыецца 6 снежня, а новага кіраўніка РПЦ павінен будзе абіраць Памесны сабор Рускай Праваслаўнай Царквы - ён збярэцца не пазней, чым праз шэсць месяцаў.

Рускую Праваслаўную Царкву Алексій II узначаліў 10 чэрвеня 1990 года. Ён стаў пятнаццатым Кіраўніком РПЦ з часу увядзення Патрыяршаства на Русі.

Будучы патрыярх, у свеце — Аляксей Міхайлавіч Рыдыгер - нарадзіўся 23 лютага 1929 года ў Таліне ў сям'і святара. З ранняга дзяцінства ён прыслужваў у царкве пад кіраўніцтвам свайго духоўнага айца пратаіерэя Іаана Багаяўленскага, пасля - епіскапа Талінскага і Эстонскага Ісідара. У 1949 годзе скончыў Ленінградскую духоўную семінарыю, а ў 1953 годзе - Ленінградскую духоўную акадэмію. У красавіку 1950 года высвечаны ў сан святара. У сакавіку 1961 года ў Траецкім саборы Троіца-Сергіевай Лаўры прыняў манаства, нагадвае NEWSru.com.

Алексій II абіраўся народным дэпутатам СССР, стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі РФ. Доктар багаслоўя, акадэмік Расейскай акадэміі адукацыі, Міжнароднай акадэміі інфарматызацыі, ён адначасова з'яўляўся актыўным дзеячам Сусветнай Рады Цэркваў, быў узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Пашаны, двума ордэнамі Дружбы народаў, ордэнамі "За заслугі перад Айчынай" I і II ступеняў, ордэнам Святога апостала Андрэя Першазванага, ордэнам "Слава Расеі", ордэнам Пятра Першага Вялікага. Алексій II - аўтар больш чым 450 багаслоўскіх і царкоўна-гістарычных артыкулаў, выступаў і працаў.

Нагадаем, патрыярх Алексій ІІ шэсць разоў наведваў Беларусь. Апошні яго візіт адбыўся ў кастрычніку гэтага года.

На што хварэў патрыярх

Восенню 2002 года ў Астрахані Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі перанёс найцяжэйшы інсульт. На ўзнаўленне яму спатрэбіўся цэлы год. А пасля таго як Алексій II не прысутнічаў на адпяванні і пахаванні першага прэзідэнта Расеі Барыса Ельцына 25 красавіка 2007 года, газета "Московский комсомолец" са спасылкай на свае крыніцы запэўнівала чытачоў, што патрыярх два разы перажыў клінічную смерць. Радыёстанцыя "Эхо Москвы", са свайго боку, са спасылкай на ўласныя крыніцы паведамляла, што патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі знаходзіцца ў клініцы ў Швейцарыі, і стан яго цяжкі.

У атачэнні Алексія II інфармацыю аб ягонай шпіталізацыі ў швейцарскую клініку пацвердзілі, аднак чуткі аб цяжкім стане яго здароўя катэгарычна абверглі.

Апошнія навіны