BE RU EN

У рэгіёнах спыняюцца філіялы МАЗу

  • 5.12.2008, 16:01

У рэгіёнах пачынаюць зьніжаць і нават спыняць вытворчасьць філіялы Менскага аўтазаводу. Сёньня такія паведамленьні прайшлі з Магілёва і Баранавічаў.

Магілёўскі завод транспартнага машынабудаваньня вырабляе аўтамабільныя прычэпы, гідраўлічныя краны, камунальную тэхніку, а таксама тавары народнага спажываньня. Асноўны рынак збыту — Расея. Але ў продажы прадукцыі зараз пачаліся збоі, паведамляе «Радыё Свабода».

На магілёўскім заводзе «Трансмаш» расейскія і ўкраінскія пакупнікі не забіраюць вырабленай для іх прадукцыі. Тэхніка захоўваецца на адкрытай завадзкой пляцоўцы. Намесьнік генэральнага дырэктара Пётар Лапо прычынаў гэтага не называе, але запэўнівае, што прадпрыемства працуе стабільна й з поўнай аддачай. Тым часам рабочыя заводу рыхтуюцца да вымушаных адпачынкаў.

На пляцоўцы, паводле спадара Лапо, цяпер знаходзіцца сто шэсьцьдзесят прычэпаў.

«Не забіраюць чамусьці расейцы і ўкраінцы. Мы ім тэлефануем — забірайце або выганяйце. Мы ж ня будзем тут іх захоўваць», - паведаміў «Радыё Свабода» Пётар Лапо.

Тым часам работнікаў прадпрыемства непакоіць, як яно будзе працаваць далей. Начальства, кажуць яны, супакойвае, аднак зазначае, што з новага году графік працы некаторых цэхаў усё ж «будзе пераглядацца». Што гэта значыць, начальства не тлумачыць.

Падставы для занепакоенасьці ў працаўнікоў ёсьць. Завод ужо неаднойчы трапляў у складаныя сытуацыі. Яны прывялі да таго, што зь першага сакавіка 2005 году прадпрыемства стала філіяй Менскага аўтамабільнага заводу. На той час у Трансмаша фактычна не было абаротных сродкаў.

«Там атрымалася тое, што ўсё, што завод плянаваў вырабляць, напрыклад — рэфрыжэратары будаваць, вырабляць краны, — гэта аказалася не зусім рэнтабэльна. І завод пачаў страчваць, як кажуць, устойлівасьць. Урэшце МАЗ забраў гэта ўсё сабе», — згадвае старшыня незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Бухвостаў.

Каб адолець праблемы, МАЗ інвэставаў у сваю новую філію амаль дзесяць мільярдаў рублёў і цяпер кантралюе ўсе асноўныя фонды магілёўскага заводу.

«Мы не даем тэхнікі — ні прычэпаў, ні кранаў — безь перадаплаты», — паведаміў Пётар Лапо.

Ці шмат цяпер ахвотнікаў набываць прадукцыю такім парадкам, ён не адказаў.

Ускладняецца ў гэтыя дні сытуацыя і на Баранавіцкім заводзе аўтамабільных агрэгатаў — яшчэ адным філіяле МАЗу. У гутарцы з майстрам участку зборкі, які папрасіў не называць яго прозьвішча, высьветлілася, што склады Баранавіцкага заводу аўтаагрэгатаў затавараныя.

«У параўнаньні з папярэднімі месяцамі пляны скараціліся амаль утрая. Заявак няма. Склады затавараныя.

Мы ж уваходзім у аб’яднаньне “БелаўтаМАЗ”, зьяўляемся філіялам МАЗу. Таму і ўсе праблемы МАЗу нас тычацца непасрэдна. Вельмі кепска разьлічваецца Расея за беларускую тэхніку», - паведаміў супрацоўнік заводу.

Адміністрацыя баранавіцкага прадпрыемства пацьвярджае зьвесткі, што вытворчасьць спыніцца ў найбліжэйшы час. За варотамі апынуцца некалькі соцень чалавек.

Старшыня прафсаюзнага камітэту Аляксандар Парфянкоў кажа, што працаваць завод будзе толькі да 25 сьнежня.

«Ненармальная сытуацыя! Ненармальная… Дырэктар учора зьбіраў начальнікаў цэхаў, тлумачыў, што працы хопіць толькі да 25 сьнежня. А ў калектыўнай дамове запісана, што пры змушаным спыненьні заводу трэба плаціць працаўнікам 2/3 іхнага заробку. Спадзяюся, што мы не парушым гэты пункт», - зазначыў ён.

Таксама сёньня стала вядома, што крызісная сытуацыя абвастрылася ў Баранавічах на дзяржаўным прадпрыемстве «Гандальмаш» і на ўнітарным прадпрыемстве «Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній».

Апошнія навіны