Кіраўнік МЗС Беларусі выступіў з новымі абвінавачваннямі супраць АБСЕ
- 5.12.2008, 17:10
«У выніку адмовы ад рэальнага рэфармавання АБСЕ мы маем сёння арганізацыю, не здольную на справе забяспечыць эфектыўнае вырашэнне ключавых пытанняў бяспекі», — заявіў міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў.
Заява прагучала 5 снежня ў Хельсінках на паседжанні Рады міністраў замежных справаў Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.
Паводле яго словаў, нельга не заўважыць, што АБСЕ адыходзіць ад мандата Хельсінкі. "Менавіта яго штучнае — як функцыянальнае, так і геаграфічнае — звужэнне і адвольная трактоўка адмоўна адбіваюцца на аўтарытэце арганізацыі, яе эфектыўнасці", — лічыць С.Мартынаў.
На думку кіраўніка беларускага МЗС, сярод перспектыўных накірункаў дзейнасці АБСЕ у сферы супрацьдзеяння новым выклікам і пагрозам павінна заставацца абарона жыццёва важнай энергетычнай інфраструктуры ад тэрарыстычных нападаў.
"У межах эканоміка-экалагічнага вымярэння нашая Арганізацыя магла б стаць каталізатарам дыялогу аб тэхналогіях альтэрнатыўных і аднаўляльных крыніцаў энергіі, энергазахавання ў рэгіёне АБСЕ, садзейнічаць распрацоўцы праграмаў па эфектыўнай перадачы ноў-хаў дзяржавам, якія жывуць у нястачы. Неабходная таксама істотная мадэрнізацыя ваенна-палітычнага інструментара АБСЕ, перш за ўсё з пункту гледжання дзейснага рэагавання на канфліктныя сітуацыі", — лічыць С.Мартынаў.
Кіраўнік МЗС Беларусі адзначыў, што "трагічныя жнівеньскія падзеі на Каўказе, ужыванне сілы ў зоне АБСЕ у палітычным сэнсе азначаюць неадэкватнасць існуючай архітэктуры еўрапейскай бяспекі, яе няздольнасць прадухіліць новыя канфлікты, кровапраліцце, гібель людзей, гарантаваць іх бяспеку".
"На нашых вачах сёння адбываецца далейшая эрозія асноўных прынцыпаў міжнароднага права, — канстатаваў С.Мартынаў. — Разбураюцца такія найважнейшыя рэжымы кантролю над узбраеннямі ў Еўропе, як ДЗУСЕ. Мы ізноў назіраем спробы ўмацавання сваёй бяспекі аднымі дзяржавамі на шкоду бяспекі іншых дзяржаваў рэгіёна. Адраджаецца логіка блокавага супрацьстаяння. Гэта небяспечная логіка. У цэлым губляецца адчуванне бяспекі, стабільнасці, прадказальнасці".
Міністр асабліва адзначыў важнасць заканчэння пераўтварэння АБСЕ у паўнавартасную міжнародную арганізацыю, якая мае ўсе адпаведныя атрыбуты. "Абноўленая і ўмацаваная АБСЕ, здольная адэкватна і аператыўна рэагаваць на выклікі і пагрозы, стане важным, неад'емным элементам новай еўрапейскай архітэктуры бяспекі і будзе запатрабаваная", — лічыць С.Мартынаў.