Правілы прызыву ў войска могуць змяніцца
- 8.12.2008, 6:37
У Беларусі плануецца «удасканаліць» інстытут прадастаўлення адтэрміноўкі ад прызыву на тэрміновую вайсковую службу, службу ў рэзерве, а таксама механізм прызыву на тэрміновую службу і службу ў рэзерве.
Аб гэтым у інтэрв'ю "Белорусской военной газете" паведаміў начальнік упраўлення прававога забеспячэння Міністэрства абароны палкоўнік юстыцыі Эрык Чыслаў.
Па ягоных словах, адпаведныя папраўкі плануецца занесці ў закон "Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе". Яны павінныя быць распрацаваныя ў 2009 годзе.
Э.Чыслаў паведаміў таксама, што ў Міністэрстве абароны падрыхтаваны праект закона "Аб занясенні змен і дадаткаў у закон Рэспублікі Беларусь "Аб Узброеных сілах Рэспублікі Беларусь" і — сумесна з Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў — праект закона "Аб занясенні змен і дадаткаў у закон Рэспублікі Беларусь "Аб статусе вайскоўцаў". Вядзецца падрыхтоўка новых рэдакцый агульнавайсковых статутаў.