BE RU EN

17 год таму распаўся Савецкі Саюз

  • 8.12.2008, 9:45

8 сьнежня 1991 года ва ўрадавай рэзыдэнцыі Віскулі лідэры Беларусі, Расеі і Ўкраіны Станіслаў Шушкевіч, Барыс Ельцын і Леанід Краўчук падпісалі пагадненьне пра ўтварэньне Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў.

Савецкага Саюзу ня стала. Беларусы рэагуюць на ягоны распад па-рознаму.

Сацыёлягі зарэгістраванага ў Вільні Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў падаюць такія лічбы: калі 15 гадоў таму 55% былі за аднаўленьне СССР, а 22% -- супраць, то сёлета за аднаўленьне Савецкага Саюзу выступаюць 36%, 51% -- супраць. Нават прадстаўнікі старэйшага пакаленьня разумеюць, што аднаўленьне Саюзу нерэальна, перадае «Радыё Свабода».

Маладое пакаленьне абірае Эўропу. «Мы лічым, што Беларусь павінна ўступіць у Эўрапейскі Зьвяз. З Расеяй – гэта не варыянт. З Расеяй гэта будзе новы Савецкі Саюз. Калі ўступім у Расею – згубім незалежнасьць. А Эўропа гарантуе і захаваньне незалежнасьці, і цывілізацыю», - кажа актывістка грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь» Паліна Кур’яновіч.

Пра Савецкі Саюз маладое пакаленьне беларусаў нават і ня хоча ўзгадваць.

«Ой, ну, Савецкі Саюз, як мне мама расказвала, гэта вечныя чэргі ў пустыя крамы. Ніхто з маіх знаёмых дарослых людзей ня хочуць вярнуць Савецкі Саюз. У тым ліку, і мае бацькі. Канечне, былі там і свае плюсы, але гэта такі мізэр у параўнаньні з усім астатнім», - перакананая Паліна Кур’яновіч.

Апошнія навіны