Лідэр «Перспектывы» Шумчанка падазраецца ў дробным крадзяжы
- 8.12.2008, 11:30
Лідэр рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Перспектыва» прадпрымальнік Анатоль Шумчанка падазраецца ў дробным крадзяжы.
Як паведаміў БелаПАН А.Шумчанка, 5 снежня ён атрымаў з суда Маскоўскага раёна Менска позву, якая загадвае яму з'явіцца 17 снежня ў суд на разгляд справы па артыкуле 10.5, частка 1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (дробны крадзеж). "Позва выпісаная на прозвішча Шумчанка А. У. , — сказаў прадпрымальнік. — Паколькі ў мяне ёсць брат Аляксандр, і незразумела, каму жа яна ўсёткі адрасаваная, я патэлефанаваў у суд. Там мне паведамілі, што позва выпісаная менавіта на мяне. Нібыта 17 лістапада ў 14.30 я вынес з універсама "Брэст" у рукаве бутэльку воцату коштам 1 тыс. 620 рублёў. Мне сказалі, што ў дакументах ёсць усе мае дадзеныя і мой подпіс".
"У мяне знік дарунак мовы. Гэта нават не непаразуменне, гэтага проста не можа быць. Я маю намер сёння прыйсці ў суд і высвятліць, якім чынам мой подпіс (калі ён сапраўды мой) патрапіў ў дакументы", — сказаў А.Шумчанка.
Пакаранне па артыкуле "Дробны крадзеж" прадугледжвае штраф ад 10 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны арышт.
На 15 снежня ў Менску запланаваная акцыя "Марш прадпрымальнікаў", якая арганізуецца РГА "Перспектыва". Акцыя дазволеная ўладамі.