BE RU EN

Расейская нафта каштуе ўжо 35 даляраў -- ніжэй за самыя песімістычныя прагнозы

  • 8.12.2008, 13:01

Катыроўкі нафты расейскай маркі Urals з пастаўкай у Ратэрдаме знізіліся на 14,5% да 35,6 даляраў за барэль, а ў порце Аўгуста зменшыліся да 34,9 даляраў.

У апошні раз Urals каштавала менш за 35 даляраў у ліпені 2004 года, нагадваюць «Ведомости».

«Раснафта» у 2009 годзе плануе свой бюджэт, зыходзячы з кошту 50 даляраў за барэль, песімістычны сцэнар «Лукойла» і «Газпрама» - 45 даляраў.

Прыбыткі расейскіх нафтавікоў пачалі падаць у III квартале: чысты прыбытак «Раснафты» знізіўся на 18,6% да 3,5 млрд даляраў. Самым цяжкім будзе канец года, на які прыйшлося найбольшае падзенне коштаў у спалучэнні з ростам экспартных пошлінаў. Паводле дадзеных Цэнтральнага дыспетчарскага ўпраўлення паліўна-энергетычнага комплексу (ЦДУ ПЭК), экспарт у далёкае замежжа ў лістападзе зменшыўся амаль на 16% да лістапада 2007 года.

Страты нафтавікоў падлічваў прэм'ер-міністр Расеі Уладзімір Пуцін: экспарт кожнай тоны прыносіць 68 даляраў стратаў. Бягучы кошт павялічвае страты да 140 даляраў з тоны.

Кошты падаюць так хутка, што не ратуе сітуацыю нават рашэнне ўрада аб скарачэнні тэрмінаў разліку экспартнай пошліны да аднаго месяца: пошліна на студзень будзе разлічвацца з кошту каля 45 даляраў за барэль.

Экспартная пошліна - гэта каля 20% прыбыткаў бюджэту і яе скарачэнне на траціну знізіць прыбыткі ў студзені на 7-10%. Патанненне барэля на 1 даляр скарачае гадавыя бюджэтныя прыбыткі на 2,2 млрд, падлічылі эксперты газеты «Время новостей».

Пры сярэднегадовым кошце 30 даляраў за барэль бюджэт недаатрымае 3,5 трлн руб., што параўнальна з памерам рэзервовага фонду (3,7 трлн на 1 снежня). Такім чынам, рэзервовы фонд цалкам сыдзе на фінансаванне бюджэтных выдаткаў.

АПЕК заклікае Расею скараціць здабычу нафты

Уражвае хуткасць, з якой кошт пераадольвае ўсе новыя псіхалагічныя мінімумы: планку 100 даляраў за барэль Urals прабіла ў верасні, 60 - у кастрычніку, а ў пачатку снежня кошт апусціўся ўжо да 35 даляраў.

Кошт можа знізіцца да 30 даляраў у залежнасці ад навінаў з Кітая, лічыць аналітык Deutsche Bank Адам Сімінскі. Аналітыкі Merrill Lynch лічаць, што ў 2009 годзе кошт можа апускацца і да 25 даляраў, але сярэднегадовы кошт усё ж будзе ўдвая вышэйшы. Пакуль розніца паміж кантрактамі на снежань гэтага і наступнага года склала 34%, паведамляе Bloomberg.

У гэтых умовах Арганізацыя краінаў - экспарцёраў нафты мае намер пайсці на істотнае скарачэнне здабычы: кіраўнік картэлі Шакіб Хеліль заявіў аб тым, што дамоўленасць аб гэтым ужо дасягнутая, 17 снежня на саміце будзе прынятае рашэнне, якое станецца «сюрпрызам».

Гаворка ідзе аб больш істотным скарачэнні здабычы, чым на 2 млн барэляў у суткі, як было ў кастрычніку. Шакіб Хеліль заклікаў да зніжэння здабычы і кіраўніцтва Расеі.

Міжнароднае энергетычнае агенцтва IEA 5 снежня ізноў знізіла прагноз попыту на нафту ў 2009 годзе - на 170 000 барэляў у суткі, паведамляе Bloomberg. АПЕК скароціць здабычу, калі кошт застанецца ніжэй за 60 даляраў.

Апошнія навіны