Шэнгенскія візы для беларусаў стануць таннейшымі?
- 1.02.2008, 8:37
Дэпутат Еўрапарламента Юстас Палецкіс ініцыяваў збор подпісаў за паніжэнне кошту шэнгенскіх віз для беларусаў. Ініцыятары лічаць, што неабходна пачаць дыялог з Беларуссю для спрашчэння візавага рэжыму паміж нашай краінай і ЕЗ.
Аналагічнага меркавання прытрымліваецца Еўракамісія, дзе лічаць, што спрашчэнне візавага рэжыму з Беларуссю дазволіць дасягнуць галоўных мэт ЕЗ у дачыненні Менска – узмацніць кантакты паміж Менскам і Брусэлем.
У тым выпадку, калі Юстасу Палецкісу атрымаецца сабраць подпісы 392 дэпутатаў, пытанне аб паніжэнні кошту віз для Беларусі будзе занесенае ў парадак дня Еўрапарламента.
Сёння кошт шэнгенскай візы для беларусаў складае 60 еўра. Сакратар МЗС Літвы Оскарас Юсіс лічыць гэтую цану занадта высокай. У інтэрв'ю літоўскаму агенцтву Оскарас Юсіс адзначыў, што Літва прапаноўвала Радзе Еўропы знізіць цану шэнгенскай візы для беларусаў, аднак пакуль не атрымала там падтрымкі.
Дзевяць новых краін з 21 снежня сталі сябрамі Шэнгенскага пагаднення, якое рэгламентуе парадак перасячэння нацыянальных межаў без віз і памежнага кантролю. У Шэнгенскую зону ўвайшлі Эстонія, Латвія, Літва, Вугоршчына, Польшча, Чэхія, Славакія, Славенія, Мальта.
У сувязі з гэтым кошт візы для ўезду ў гэтыя краіны для беларусаў вырас да 60 еўра. Выключэнне складае Польшча, якая дазволіла беларусам заязджаць на польскую тэрыторыю па нацыянальнай візе, кошт якой складае 35 еўра.