«Газпром» Украіне: заплаціце даўгі або сёння адключым газ
- 11.02.2008, 11:05
Расейскі газавы манапаліст "Газпром" паставіў канцэрну "Нафтагаз Украіны" ультыматум: калі да поўдня 11 лютага не будуць аформленыя дакументы, звязаныя з пастаўкамі газу ў краіну, і не будзе гарантаванае пагашэнне наяўнай запазычанасці, на наступны дзень газазабеспячэнне будзе абмежаванае.
Расейскае выданне "Время новостей" прыводзіць тэлеграму кіраўніка "Газпрома" Мілера на імя прэзідэнта Украіны Юшчанкі: услед за спыненнем паставак расейскага газу можа быць абмежаваны таксама экспарт паліва з Сярэдняй Азіі для ўкраінскіх патрэб.
Юшчанка адразу ж перадаў атрыманую з Масквы тэлеграму прэм'ер-міністру Цімашэнцы з указаннем «да канца нядзелі, 10 лютага, забяспечыць падпісанне ўсіх дакументаў паміж "Нафтагазам Украіны" і расейскім бокам наконт паставак газу і разлікаў за яго». Аднак, учора дакументы так і не былі падпісаныя. Таму, сёння заява «Газпрома» была зробленая ва ўльтыматыўнай форме.
Напярэдадні першы віцэ-прэм'ер Украіны Аляксандр Турчынаў растлумачыў новую напружанасць у газавых стасунках спробай захаваць пасярэднікаў і аспрэчыў факты несанкцыянаванага адбору газу Украінай. Ён таксама заявіў, што "Нафтагаз Украіны" гатовы загасіць запазычанасць, якая назапасілася пры былым урадзе, у абмен на прамы кантракт з "Газпромам".
Прэс-сакратар "Нафтагаза Украіны" Валянцін Зямлянскі, паведаміў журналістам, што ўсё кіраўніцтва кампаніі адпраўляецца на перамовы ў Расею ў нядзелю ўвечары. Паводле яго слоў, перамовы, хутчэй за ўсё, адбудуцца ў панядзелак раніцай 11 лютага. Дэлегацыю ўзначальвае кіраўнік праўлення "Нафтагаза" Алег Дубіна. "Бакі абмяркуюць тэхнічныя ўмовы паставак прыроднага газу ва Украіну, а таксама яго транзіту ў краіны Еўропы", – сказаў Зямлянскі.
На 12 лютага запланаваны візіт прэзідэнта Украіны Віктара Юшчанкі ў Маскву.
Як гэта ўжо было два і тры гады таму, дадзеная сітуацыя пагражае несанкцыянаваным адборам з транзітных патокаў у Еўропу, чым Кіеў можа прыпсаваць "Газпрому" святочны вечар у Крамлі, дзе кіраўніцтва краіны збярэцца, каб адсвяткаваць 15-годдзе канцэрна пад выступ Deep Purple, піша Newsru.com
Першы віцэ-прэм'ер Сяргей Іваноў паабяцаў учора, што калі Расеі прыйдзецца спыніць пастаўку свайго газу Ўкраіне за даўгі, "гэта не адаб'ецца на ўсіх іншых атрымальніках расейскага і сярэднеазіяцкага газу". "Ніхто з атрымальнікаў не пацерпіць, гэта праблема расейска-ўкраінскіх стасункаў, вельмі спадзяюся, што пытанне будзе вырашанае і Украіна заплаціць даўгі. Мы дзейнічаем па прынцыпе: раніцай грошы, увечары крэслы", – сказаў Іваноў.
Напярэдадні першы намеснік старшыні праўлення "Нафтагаза" Ігар Дзідзенка прыехаў у Маскву з прапановай падпісаць дамову аб пераходзе на прамыя пастаўкі паміж "Газпромам" і "Нафтагазам" па цане 179,5 даляраў за тысячу кубаметраў газу (дзейнічае паміж швейцарскім трэйдарам RosUkrEnergo і імпарцёрам у асобе "Укргазэнерго"). У адказ яму было прапанаванае для пачатку аформіць куплю 1,5 млрд кубаметраў расейскага газу, які паступіў ва Украіну ў студзені па 315 даляраў за тысячу кубаметраў. На гэтым перамовы перапыніліся.
Паводле дадзеных расейскай кампаніі, на дадзены момант ва Украіне "аселі" 1,5 мільярды кубаметраў газу РФ, і запазычанасць за яго набліжаецца да 500 мільёнаў даляраў. Агульны пратэрмінаваны доўг па пастаўках газу ва Украіну дасягнуў ужо 1,5 мільярда даляраў.
З 1 студзеня "Нафтагаз" не падпісвае ніякай тэхнічнай дакументацыі па газе, які ўваходзіць на тэрыторыю Украіны, уключна транзітны аб'ём, і без кантракту бярэ прызначаны для яго ж сярэднеазіяцкі газ, перадаюць інфармацыйныя агенцтвы. А 10 лютага віцэ-прэм'ер Украіны Турчынаў паведаміў, што "Нафтагаз Украіны" гатовы загасіць старыя даўгі за газ пры ўмове падпісання прамога кантракту на пастаўку газу з "Газпромам".
ЗША раскрытыкавалі пазіцыю Расеі па газе
Злучаныя Штаты выступаюць за канкурэнцыю на рынку паставак газу ў краіны Еўразвяза і паслабленне іх энергетычнай залежнасці ад Расеі. Пра гэта заявіў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Мэцью Брайза, паведамляе агенцтва Прайм-ТАСС. "Я не збіраюся крытыкаваць "Газпром", – сказаў Брайза. – Але мы хочам, каб ён змагаўся за месца на рынку ва ўмовах рэальнай канкурэнцыі".
Паводле яго слоў, ЗША імкнуцца, каб частка каспійскага газу паступала ў Еўропу ў абыход Расеі. У прыватнасці, Вашынгтон падтрымлівае галоўны энергетычны праект Еўразвяза – будаўніцтва газаправода Nabucco, які закліканы дыверсіфікаваць пастаўкі газу і знізіць залежнасць ЕЗ ад Расеі, перадае Карэспандэнт.нет.
З 2004 года Еўразвяз плануе закупляць штогод каля 30 млрд. кубаметраў газу ў Ірана і Азербайджана і перапраўляць яго праз Турэччыну ў краіны паўднёвай і заходняй Еўропы. Удзельнікі праекту таксама хочуць, каб сярод пастаўшчыкоў газу былі Казахстан і Туркменія. Пры гэтым спажыванне газу ў Азербайджане перавышае аб'ёмы яго здабычы, а большая частка туркменскага газу зафрахтаваная Расеяй.
Пачатак будаўніцтва газаправода быў запланаваны на 2008 год, увод у эксплуатацыю – на 2012. Аднак спрэчкі з нагоды маршруту трубаправода, фінансавання і нацягнутыя стасункі Захаду з Тэгеранам з прычыны іранскай ядзернай праграмы зацягваюць рэалізацыю праекту.