Мараторый на пакаранне смерцю ўвядзе Японія
- 11.02.2008, 11:48
Група дэпутатаў парламента краіны падрыхтавала адпаведны праект закона. Смяротныя прысуды ў Японіі, на думку аўтараў дакумента, не будуць прыводзіцца ў выкананне цягам чатырох гадоў.
Як піша газета Джапан Таймс, канчатковай мэтай парламенцкай групы, у якую ўваходзяць дэпутаты як ад кіроўнай, так і ад апазіцыйнай партый, з'яўляецца поўнае скасаванне пакарання смерцю шляхам замены вышэйшай меры пакарання пажыццёвым зняволеннем без права на датэрміновае вызваленне.
Мяркуецца, што мараторый будзе ўведзены з першага красавіка будучага года – і тады ўсе прысуды, прызначаныя да выканання пасля гэтай даты, будуць адтэрмінаваныя да вясны 13-га года.
У сваю чаргу, Кіода Ньюз дадае, што падчас дзеяння мараторыя ў краіне будзе працаваць камісія, якая зоймецца ацэнкай наступстваў гэтага рашэння.
Да сёння ад пакарання смерцю адмовіліся больш за 150 дзяржаў свету. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе ААН, апублікаваным у лістападзе мінулага года, на які спасылаецца РІА-Новости.
У Еўропе вышэйшая мера ўжываецца толькі ў Беларусі. Што тычыцца рэспублік былога СССР, то ва ўсіх, за выключэннем той жа Беларусі, пакаранне смерцю альбо цалкам скасаванае, альбо на яго ўведзены мараторый, паведамляе «Эхо Москвы».