Будаваць АЭС у Беларусі будуць расейцы?
- 11.02.2008, 13:24
Расея плануе ўзяць удзел у тэндэры на будаўніцтва АЭС у Беларусі. Пра гэта заявіў Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Расейскай Федэрацыі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў сёння на прэс-канферэнцыі ў Менску.
Ён адзначыў, што ў Беларусі прынятае рашэнне аб будаўніцтве АЭС, ідуць апошнія ўзгадненні па тэхналагічных і іншых пытаннях з МАГАТЭ.
Расейская кампанія «Атомстройэкспорт» у самыя блізкія дні правядзе прэзентацыю сваіх магчымасцяў на выставе ў Менску. У Расеі вырабляецца неабходнае абсталяванне для стварэння АЭС – рэактары вода-вадзянога тыпу магутнасцю 1 тыс.МВт. Калі Беларусь абвесціць конкурс на стварэнне АЭС, «Атомстройэкспорт» будзе ў ім удзельнічаць, сказаў Аляксандр Сурыкаў.
Па словах амбасадара, перадае БЕЛТА, існуе пагадненне аб магчымасці крэдытавання расейскім бокам беларускіх энергетычных праектаў, якія прадугледжваюць пастаўкі абсталявання вытворчасці Расеі.
Як паведамлялася, у Беларусі прынятае рашэнне пабудаваць атамную электрастанцыю сумарнай электрычнай магутнасцю 2 тыс.МВт з уводам у эксплуатацыю першага энергетычнага блока ў 2016 годзе, другога – у 2018 годзе. Цяпер у рэспубліцы распрацоўваецца нарматыўна-прававая база ў галіне ядзернай энергетыкі, здзяйсняецца падрыхтоўка да правядзення міжнароднага тэндэру на будаўніцтва АЭС. З мэтай выбару месца для будучай станцыі працягваюцца пошукі на некалькіх патэнцыйных пляцоўках.
Плануецца, што стварэнне ў Беларусі АЭС магутнасцю 2 тыс.МВт унясе значнае ўкладанне ва ўзмацненне энергетычнай бяспекі краіны. Сабекошт вытворчасці электраэнергіі на АЭС у 1,5-2 разоў таннейшы ў параўнанні з цеплавымі станцыямі. Увод атамнай электрастанцыі дазволіць змясціць у паліўным балансе Беларусі каля 5 млрд.куб.м прыроднага газу.