Пратэстанты прад’явілі Лукашэнку ультыматум
- 11.02.2008, 15:30
Пастары больш чым сарака беларускіх цэркваў, што ўваходзяць у Аб'яднанне абшчын хрысціянаў поўнага Евангелля, звярнуліся да Аляксандра Лукашэнкі з лістом, у якім яны выказалі занепакоенасць у сувязі з узмацненнем ціску на пратэстанцкія цэрквы.
Асаблівая ўвага была нададзена супрацьстаянню сталічных уладаў і менскай царквы "Новае Жыццё". Пра гэта Еўрарадыё паведаміў юрыст царквы “Новае жыццё” Сяргей Луканін.
“У гэтым лісце гаворыцца, што, калі ўлады і надалей будуць аказваць ціск на біскупа нашага аб’яднання Вячаслава Ганчарэнку, то ўсе цэрквы аб’яднання пакідаюць за сабой права прымаць удзел у акцыях грамадзянскага непадпарадкавання па ўсёй Беларусі”, - падкрэсліў Луканін.
Сяргей Луканін адзначыў, што цяпер евангельскія хрысціяне гатовыя перайсці ад малітваў да адкрытых дзеянняў, улучна з палітычнымі выступамі.