BE RU EN

Суд падтрымаў «гонар» Чаргінца

  • 12.02.2008, 8:39

11 лютага калегія Менскага гарадскога суду не задаволіла касацыйную скаргу выдаўцоў газеты "Новы час" на рашэнне суду першай інстанцыі па пазове старшыні камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспекі Савета Рэспублікі Мікалая Чаргінца.

Пра гэта ў інтэрв'ю БелаПАН паведаміў рэдактар газеты Аляксей Кароль.

Каментуючы рашэнне гарсуду па касацыйнай скарзе, А.Кароль адзначыў, што "ў прынцыпе не чакаў нічога іншага, бо папярэднія справы аналагічнага характару пацвярджаліся судамі вышэйшых інстанцый, а першапачатковы прысуд не мякчэў." "У Беларусі ўкаранілася традыцыя, калі пра пэўную групу людзей у сродках масавай інфармацыі можна пісаць толькі добра", – сказаў рэдактар.

Ён заявіў, што працягне абскарджанне рашэння па пазове М.Чаргінца ў судзе больш высокай інстанцыі. "Гэта дазволіць паднімаць праблему свабоды слова і сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі, трымаць яе ў тым ліку і ў поле зроку міжнароднай грамадскасці", – лічыць А.Кароль.

Нагадаем, М.Чаргінец звярнуўся ў суд, бо мяркуе, што некаторыя фразы ў публікацыі А.Тамковіча "Генерал-сенатар Мікалай Чаргінец" у газеце "Новы час" № 25 за 24 верасня 2007 года нібыта зневажаюць яго гонар і годнасць.

Сваім рашэннем ад 20 снежня 2007 года суд Першамайскага раёна Менска абавязаў рэдакцыю газеты ў чарговым яе нумары абвергнуць інфармацыю, выкладзеную ў публікацыі А.Тамковіча. У якасці кампенсавання маральнай шкоды выдавец павінен выплаціць істцу 50 млн. рублёў, а журналіст Тамковіч – 1 млн. рублёў. Першапачаткова Чаргінец ацаніў памер нанесенай яму рэдакцыяй і журналістам шкоды адпаведна ў 500 і 100 млн. рублёў, але пасля знізіў гэтыя сумы.

Апошнія навіны