BE RU EN

НПЗ губляюць грошы

  • 12.02.2008, 8:42

ААТ «Мазырскі НПЗ», адзін з двух беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў, у 2007 годзе знізіў прыбытак у 6 разоў у параўнанні з 2006 годам да 34 млн даляраў.

Пра гэта паведаміў ПРАЙМ-ТАСС прадстаўнік наглядальнага савета акцыянернага таварыства. Суразмоўца адзначыў, што ў 2006 г прыбытак ААТ «Мазырскі НПЗ» па выніках года склаў 196 млн дал.

Паводле яго слоў, заводу атрымалася завяршыць мінулы год з мінімальным прыбыткам дзякуючы таму, што ў Беларусі з жніўня былі павялічаныя дзяржсубсідыі для перапрацоўшчыкаў нафты: дзяржсубсідыя для перапрацоўшчыкаў «трубавай» нафты склала 110% ад узроўню спецпошліны на расейскую нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь, «чыгуначнай» нафты – 130%.

Эксперты адзначаюць, што павелічэнне з жніўня 2007 памеру кампенсавання арганізацыям-перапрацоўшчыкам нафты, ажыццёўленае згодна з указам Лукашэнкі №475 ад 2 кастрычніка 2007 г, дазволіла падвысіць эфектыўнасць нафтаперапрацоўчай галіны Беларусі. Гэтыя ўмовы працы пакуль захоўваюцца і ў 2008 годзе.

З 1 лютага 2008 года ўрад РФ павялічыў пошліну на нафту з 275,4 да 333,8 дал/т, або на 21,2%. Адпаведна для нафты, якая вывозіцца ў Беларусь, стаўка павялічылася з 92,26 дал да 111,82 дал.

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод працуе з 1975 г, акцыянаваны ў 1994 г. Цяпер у Мазырскім НПЗ ураду Беларусі належыць 42,757%, «Славнефти» – 42,581%, ТАА «МНПЗ плюс», якое прадстаўляе інтарэсы працаўнікоў прадпрыемства – 12,252% (доля дзяржавы ў статутным капітале гэтага таварыства ў 2006 г павялічаная да 98,4%), у іншых акцыянераў – 2,41%.

Апошнія навіны