Беларускага студэнта вылучылі на прэмію міру
- 12.02.2008, 8:59
Праваабарончы цэнтр “Вясна” выступіў ініцыятарам вылучэньня студэнта з Беларусі Зьміцера Жалезьнічэнкі на Студэнцкую прэмію за мір (Student Peace Prize).
Зьміцер Жалезьнічэнка, які для беларускай моладзі зьяўляецца прыкладам адстойваньня права на адукацыю, зараз пазапраўна ўтрымліваецца ў вайсковай частцы ў Жлобіне, дзе яго насуперак пастановы суду змушаюць да прыняцьця прысягі.
Ён зьяўляецца студэнтам 3 курсу матэматычнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны. Выдатнік, увесь час свайго навучаньня атрымліваў павышаную стыпендыю. Сярэдні бал яго адзнак адзін з самых высокіх ва унівэрсытэце – 9,3 балаў з 10 магчымых. Зьміцер прымаў актыўны удзел у абласных інтэлектуальных гульнях, займае актыўную грамадзкую пазіцыю -- зьяўляецца намесьнікам старшыні Гомельскай філіі Моладзі БНФ, вядзецца ў заяве ПЦ “Вясна”.
Студэнт за сваю грамадзкую дзейнасьць і палітычныя погляды быў двойчы адлічаны з унівэрсітэта, але потым узноўлены рашэннем судоў.
23 студзеня супрацоўнікі ваенкамата пачалі афармляць Зьмітра для службы у чыгуначных войсках. Актывісту не далі нават абскардзіць сваё другое адлічэньне з унівэрсытэту ў судзе. 1 лютага суд Савецкага раёну горада Гомеля вынес прыватнае вызначэньне аб прыпыненьні прызыву на вайсковую службу Зміцера Жалезнічэнкі. Між тым, Гомельскі абласны і гарадскі ваенкаматы адмаўляюцца выконваць вызначэньне суду аб прыпыненьні прызыву на вайсковую службу моладзевага актывіста.
Беларускія праваабаронцы, а таксама актывісты Моладзі БНФ і іншых грамдскіх арганізацыяў лічаць, што ізаляцыя актыўнага студэнта і палітыка Зьміцера Жалезнічэнкі шляхам яго пазапраўнага адлічэньня з вышэйшай навучальнай установы і накіраваньня на вайсковую службу ёсьць яскравы прыклад стаўленьня уладаў да грамадскіх актывістаў.