BE RU EN

Артур Фінькевіч: «Мы запрашаем усю моладзь прыйсці 14 лютага на плошчу Свабоды»

  • 12.02.2008, 17:14

“Малады Фронт” запрашае беларускую моладзь прыняць удзел у акцыі 14 лютага, якая пачнецца ў 17 гадзін на плошчы Свабоды ў Менску.

“14 лютага ў 17.00 на плошчы Свабоды ў Менску “Малады Фронт” пачынае сваю штогадовую акцыю, прымеркаваную да Дня Святога Валянціна. Пад нацыянальнымі сцягамі і з лозунгамі “Мы любім Беларусь”, “Мы любім Еўропу” і “Беларусь у Еўропу” мы будзем абыходзіць амбасады Еўразвяза і ЗША, перададзім ім віншаванні, і ў гэтых віншаваннях будзе просьба паўплываць на тое, каб беларускія ўлады вызвалілі ўсіх палітзняволеных”, -- паведаміў прэс-цэнтру Хартыі’97 адзін з лідэраў “Маладога Фронта” Артур Фінькевіч.

Моладзевы лідэр пракаментаваў намер праўладнай арганізацыі БРСМ правесці акцыю прызнання ў любові пад назовам «За любімую Беларусь». Праз ідэалагічны аддзел сябры БРСМ могуць павіншаваць з Днём усіх закаханых улюбёнага музыку, спартсмена, палітыка.

“Канешне, можна пісаць прызнавацца ў каханні Ярмошынай (старшыня ЦВК Беларусі -- нат. Хартыі'97), але любоў да Беларусі азначае іншае. Трэба любіць свой народ, шанаваць яго мову, культуру, гісторыю, жадаць краіне Свабоды, думаць і працаваць на яе будучыню. Мы запрашаем усю моладзь, нягледзячы на палітычныя погляды, прыняць удзел у нашай акцыі”, -- сказаў Артур Фінькевіч.

Апошнія навіны