Жыхары Оршы пратэстуюць супраць будаўніцтва АЭС, называючы яе «парахавой бочкай»
- 14.02.2008, 14:08
Актывісты Оршы далучыліся да кампаніі грамадскай антыядзернай ініцыятывы Горацкага раёна па зборы подпісаў супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС. Пра гэта паведаміў БелаПАН прэс-сакратар ініцыятывы, журналіст Эдуард Брокараў.
Па словах Э.Брокарава, збор подпісаў супраць будаўніцтва беларускай АЭС у Горацкім раёне Магілёўскай вобласці працягваецца. Паводле дадзеных на 13 лютага, гэтую ініцыятыву падтрымалі больш за 1.200 жыхароў рэгіёна.
Нагадаем, у звароце да прэзідэнта і ўрада Беларусі, пад якім падпісваюцца жыхары Горацкага раёна, гаворыцца: "Мы не хочам жыць на парахавой бочцы, у чаканні чарговай катастрофы. Мы заклікаем прэзідэнта, урад і парламент адмяніць прынятае рашэнне аб будаўніцтве АЭС, а неабходныя сродкі накіраваць на стварэнне бяспечных тэхналогій энергазабеспячэння".
Э.Брокараў падкрэсліў, што збор подпісаў не спыніцца датуль, пакуль рашэнне аб будаўніцтве АЭС не будзе скасаванае.