Microsoft будзе раздаваць беларусам бясплатныя ноўтбукі
- 15.02.2008, 9:12
Кампанія Microsoft прыняла рашэнне рэалізаваць у краінах СНД праект Unlimited Potential, які яны прасоўваюць у краінах, якія развіваюцца. Маецца на ўвазе раздача бясплатных ноўтбукаў з штомесячнай аплатай за карыстанне.
Пагадненне пра гэта ўжо афіцыйна падпісанае з расейскім аператарам сотавай сувязі МТС, які працуе і ў Беларусі.
Раздача кампутараў з усталяванай Windows Vista пачнецца ў чэрвені 2008 года. Да кожнага ноўтбука будзе прывязаны спецыяльны тарыфны план на шырокапалосны выхад у Інтэрнэт ад кампаніі МТС. Чалавек не будзе мець права адмовіцца ад гэтай паслугі. У адваротным выпадку, у яго адбяруць кампутар.
Бясплатныя ноўтбукі будуць распаўсюджвацца ў офісах МТС у Расеі, Украіне, Беларусі, Узбекістане, Арменіі і Туркменістане ў рамках праграмы «МТС Канэкт».
«Супрацоўніцтва з Microsoft адпавядае нашай асноўнай мэце – падаваць кліентам больш разнастайныя магчымасці, – адзначыла віцэ-прэзідэнтка МТС па маркетынгу Сінція Гордан. – Кожны абанент МТС зможа выбраць пакетную прапанову па высокахуткасным мабільным доступе ў Інтэрнэт, зыходзячы з індывідуальных патрабаванняў і бюджэту. Упэўненая, што сумесныя прапановы МТС і Microsoft паднімуць карыстанне мабільным Інтэрнэтам на якасна новы ўзровень».