BE RU EN

Міністэрскія заробкі выраслі амаль да 3 мільёнаў рублёў

  • 15.02.2008, 10:34

Міністэрскія заробкі выраслі да 2 мільёнаў 750 тысяч. Да таго ж чыноўнікі атрымліваюць дапамогу на аздараўленне ў памеры акладу. І льготамі гэта не лічаць.

У інтэрв’ю маскоўскай тэлекампаніі “ТВЦ” у ліпені 2005 года Лукашэнка заявіў, што беларускія міністры зарабляюць 800 долараў у месяц. І дадаткова атрымліваюць штоквартальную дапамогу на аздараўленне. Еўрарадыё вырашыла даведацца, ці змяніліся з таго часу заробкі вышэйшых чыноўнікаў і ці можна гэтую дапамогу назваць ільготамі.

Намеснік міністра эканомікі Андрэй Тур кажа, што з 2005 года заробкі ў чыноўнікаў выраслі. Але назваць дакладны памер свайго заробку не здолеў. Сказаў, што атрымлівае дзесьці ў межах 2 – 2,5 мільёнаў рублёў у месяц. Што тычыцца дапамогі на аздараўленне, то, па словах намесніка міністра, такіх выплат яны не маюць ужо каля году. Скасавалі як ільготу.

Сказаць, які сёння заробак атрымлівае прэм’ер-міністр Сяргей Сідорскі, яго прэс-сакратар Аляксандр Цімашэнка адмовіўся. Не захацеў ён называць і памер свайго заробку. Але сказаў, што летась, калі сыходзіў у адпачынак, дапамогу на аздараўленне атрымаў. Праўда, колькі дакладна -- не ведае. І дапамогу тую льготай не лічыць.

Не здолела назваць дакладную лічбу заробку міністра працы і сацыяльнай абароны Уладзіміра Патупчыка і яго прэс-сакратар Галіна Трафімава. Сказала толькі, што яна прыблізна роўная 1 тысячы долараў. Што ж тычыцца дапамогі на аздараўленне, то ўсе супрацоўнікі міністэрства яе атрымліваюць. Праўда, не штоквартальна, як сказаў калісьці Лукашэнка, а толькі раз на год.

“Толькі раз на год, як лекавыя яны лічацца, атрымліваем да адпачынку. Ніякіх штоквартальных няма. Ні ў чыноўнікаў, ні ў міністраў, ні ў намеснікаў міністраў. 2 аклады да адпускных. Калі ідзеш у адпачынак”, - сказала Галіна Трафімчык і з абурэннем дадала, што гэтую дапамогу ні ў якім разе нельга лічыць ільготай.

Называць суму заробку міністра па надзвычайных сітуацыях Энвера Барыева кіраўнік прэс-цэнтра МНС Віталь Навіцкі палічыў некарэктным. Не захацеў нават сказаць, ці моцна ён адрозніваецца ад лічбы, названай Лукашэнкам. Але не адмаўляў, што супрацоўнікі міністэрства атрымліваюць раз на год дапамогу на аздараўленне ў памеры акладу. І гэта, як ён сцвярждае, ніякая не льгота.

Дэпутаты “палаты прадстаўнікоў” у сваім статусе прыроўненыя да міністраў. Значыць, і заробкі, і дапамогі ў іх павінны быць прыблізна аднолькавыя. Сяргей Гайдукевіч, не тоячыся, паведаміў суму свайго дэпутацкага заробку за студзень. Па ягоных словах, “на рукі ён атрымаў 2 мільёны 750 тысяч”.

Гайдукевіч таксама сцвярджае, што кожны з яго калег мае права на атрыманне дапамогі на аздараўленне ў суме заробку. Дастаткова напісаць заяву.

“Дэпутат” Сяргей Касцян пацвердзіў, што з 2005 года заробкі ў народных абраннікаў выраслі. Але на колькі -- казаць адмовіўся.

“Як і ва ўсіх бюджэтнікаў, зарплата ў нас расце, але ніякіх ільгот, акрамя заробку, дэпутаты не маюць. У нас звычайныя адпускныя і ніякага аздараўлення”, -- сцвярджае Касцян.

І чыноўнікі міністэрстваў, і дэпутаты «палаткі» падчас размовы называлі сябе шараговымі бюджэтнікамі. Казалі, што іх заробак расце так, як і заробак ўсіх бюджэтнікаў. Але нават названыя лічбы іх заробкаў мала параўнальныя з заробкамі такіх бюджэтнікаў, як настаўнікі, дактары ды іншыя.

Дарэчы, паводле дадзеных Міністэрства статыстыкі і аналізу, сярэднемесячны заробак па краіне ў 2005 годзе складаў 463,7 тысяч рублёў. У 2006 – 582,2 тысячы. А ў 2007 – 795 тысяч. За два гады сярэдні заробак вырас на 58 адсоткаў. Вышэйшыя чыноўнікі атрымлівалі ў 2005 годзе 800 долараў, а зараз – 1300 (2 мільёны 750 тысяч). Павелічэнне на 60 адсоткаў. Амаль аднолькава. Толькі чыноўнікі атрымліваюць заробак амаль у 3,5 разы большы за астатніх.

Апошнія навіны