Грузія заявіла пра гатоўнасць уступіць у НАТА
- 15.02.2008, 12:16
Прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі накіраваў ліст генеральнаму сакратару НАТА Яаапу дэ Хооп Схефферу, у якім выказваецца гатоўнасць грузінскага боку далучыцца да плану дзеянняў адносна сяброўства ў альянсе (ПДС).
Як паведамілі агенцтву "Інтэрфакс" у дэпартаменце інфармацыі і прэсы МЗС Грузіі, ліст генсаку НАТА перадаў падчас сустрэчы ў штаб-кватэры альянсу ў Брусэлі кіраўнік місіі Грузіі ў НАТА Рэваз Бешыдзэ. У сваім пасланні Саакашвілі просіць НАТА прыняць рашэнне наконт далучэння Грузіі да ПДС.
Як ужо паведамлялася, раней з аналагічным пасланнем да альянсу звярнулася і ўкраінскае кіраўніцтва. У сярэдзіне студзеня прэзідэнт Украіны Віктар Юшчанка, прэм'ер-міністр Украіны Юлія Цімашэнка і спікер Вярхоўнай Рады Арсеній Яцанюк накіравалі ліст у штаб-кватэру НАТА ў Брусэль, у якім змешчаная афіцыйная заява ўкраінскай улады аб далучэнні да Плану дзеянняў адносна сяброўства ў альянсе.
Чакаецца, што звароты Украіны і Грузіі будуць разгледжаныя на красавіцкім саміце НАТА ў Бухарэсце.
Нагадаем, што па выніках агульнанароднага рэферэндуму (ён адбыўся адначасова з прэзідэнцкімі выбарамі) у студзені гэтага года за далучэнне да Паўночнаатлантычнага альянсу выказаліся 77 працэнтаў грузінскіх выбаршчыкаў.