Ярмошына: «Чыніцца перашкоды працы міжнародных назіральнікаў не будуць»
- 18.02.2008, 10:50
Місія назіральнікаў АБСЕ будзе запрошаная ў Беларусь для працы на парламенцкіх выбарах у звычайным парадку. "Гэты парадак прадугледжвае накіраванне доўгатэрміновай і кароткатэрміновай груп назіральнікаў. Усё будзе здзяйсняцца, як і на выбарах прэзідэнта 2006 года", – паведаміла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.
У той самы час яна не выключыла, што АБСЕ можа адмовіцца накіраваць сваю місію ў Беларусь, як яна паступіла ў дачыненні выбараў прэзідэнта Расеі. "Вы ведаеце, ніколі не трэба ні ад чаго зракацца. Мы ж не ведаем, якія ўмовы будзе ставіць АБСЕ", – цытуе Ярмошыну БелаПАН.
"Старшыня Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Луіс Марыя дэ Пуч ужо заявіў, што спадзяецца, што кіраўніцтва Беларусі будзе выконваць рэкамендацыі Венецыянскай камісіі і не стане чыніць перашкоды працы назіральнікаў. Тое, што чыніцца перашкоды працы міжнародным назіральнікам не будуць, гэта адназначна. Калі ж будуць ставіцца нейкія дадатковыя ўмовы, напрыклад, змяненне заканадаўства, натуральна, яны непрымальныя. Гэтая ўнутраная справа краіны і ніхто не мае права даваць нам рэкамендацыі з гэтай нагоды", – адзначыла Л.Ярмошына.
Кіраўнік ЦВК таксама заявіла, што ўзначаленая ёю камісія разгледзіць прапановы апазіцыі па ўдасканаленні выбарчага заканадаўства.
«Мы ўвогуле абавязаныя разглядаць кожную прапанову любога грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. І калі ў апазіцыі сапраўды будуць разумныя прапановы, то, цалкам магчыма, мы ўключым іх у свае пастановы. Хоць метадычныя рэкамендацыі выбарчым камісіям ужо распрацаваныя», – паведаміла яна.
Нагадаем, да 21 лютага дэмакратычныя сілы Беларусі плануюць падрыхтаваць прапановы па ўдасканаленні выбарчага працэсу ў рамках дзейнага заканадаўства па чатырох кірунках: змяненне парадку фармавання выбарчых камісій; падаванне назіральнікам магчымасці рэальна сачыць за ходам выбарчай кампаніі; правядзенне паўнавартаснай агітацыйнай кампаніі; рэальны падлік галасоў.
10 лютага аб'яднаныя дэмакратычныя сілы (АДС) зацвердзілі стратэгію ўдзелу сваіх прадстаўнікоў у парламенцкіх выбарах 2008 года. Згодна з ёй АДС пакідае за сабою права зняць сваіх кандыдатаў за некалькі дзён да галасавання ў выпадку, калі ўлады адмовяцца ад правядзення сапраўды свабодных выбараў і не дапусцяць у выбарчыя камісіі прадстаўнікоў дэмакратычнай апазіцыі.