Беларусь пачне будаваць АЭС у студзені 2009 года
- 18.02.2008, 15:56
Беларусь пачне будаваць АЭС у студзені 2009 года. Пра гэта паведаміў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка. "У студзені 2009 года мы павінны закласці першы камень у будаўніцтва АЭС", – падкрэсліў Сямашка.
Паводле яго слоў, цяпер вядуцца працы па выбары пляцоўкі, у красавіку гэтага года будзе вызначанае месца для будучай АЭС з верагоднасцю 80-90%, а да канца года канчаткова вызначаная пляцоўка.
Уладзімір Сямашка адзначыў, што першы блок атамнай электрастанцыі ў Беларусі плануецца ўзвесці ў 2016 годзе, другі – у 2018-м.
"Нядаўна падпісанае афіцыйнае апавяшчэнне на імя кіраўніка МАГАТЭ пра тое, што ў Беларусі прынятае рашэнне аб будаўніцтве АЭС", – паведаміў ён. Першы віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што важнасць прадстаўляе таксама падрыхтоўка кадраў для будучай станцыі.
Дарэчы, паводле сусветнай практыкі, яна павінна пачынацца за 10 гадоў да ўводу АЭС. Уладзімір Сямашка дадаў, што будучая АЭС зойме каля 25% у магутнасцях беларускай энергасістэмы і дазволіць эканоміць 5,5-6 млрд.куб.м газу ў год.
Пры гэтым не ўдакладняецца, колькі Беларусь будзе плаціць за ўран, у колькі абыдзецца пахаванне адыходаў, а таксама, дзе іх збіраюцца захоўваць.
Між іншым, у рамках Горацкай антыядзернай ініцыятывы ўжо сабраныя больш за 1000 подпісаў жыхароў раёна супраць будаўніцтва АЭС.