BE RU EN

Беларусь падвысіла цэны на візы для грамадзян Еўразвяза і ЗША

  • 19.02.2008, 9:17

Павысіўся кошт беларускіх віз для грамадзян ЗША і краін, якія далучыліся ў 2007 годзе да Шэнгенскага пагаднення: Славакіі, Славеніі, Эстоніі, Вугоршчыны, Латвіі, Літвы, Мальты, Польшчы і Чэхіі.

Паводле інфармацыі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, па дачыненні да краін – новых сяброў Шэнгенскай зоны гэтыя меры былі распачатыя ў сувязі з падвышэннем імі да 60 EUR збораў за выдачу віз беларускім грамадзянам. Пры гэтым, як адзначылі ў ведамстве, Беларусь ужывае дыферэнцаваныя стаўкі ў дачыненні Літвы, Латвіі, Польшчы і Эстоніі.

Для грамадзян Літвы, Латвіі, Польшчы і Эстоніі аднаразовая ўязная і турыстычная візы каштуюць 25 EUR, двухразовая (уязная–выязная) – 35 EUR, шматразовая на 3 месяцы – 60 EUR, шматразовая на шэсць месяцаў або 1 год – 150 EUR.

Для грамадзян Літвы двухразовая гасцёўня віза для наведвання магіл блізкіх сваякоў выдаецца бясплатна.

Кошт консульскага збору за афармленне віз для грамадзян Славакіі, Славеніі, Вугоршчыны, Мальты і Чэхіі ў параўнанні з коштам віз для грамадзян сумежных дзяржаў вышэйшы. У прыватнасці, для грамадзян Вугоршчыны кошт аднаразовай, двухразовай і шматразовай віз на тэрмін да 90 дзён складае 60 EUR, на перыяд звыш 90 дзён — 150 EUR. Падвышэнне кошту віз для грамадзян ЗША, па інфармацыі Міністэрствы замежных спраў Рэспублікі Беларусь, стала адказным крокам на падвышэнне ЗША кошты віз для грамадзян Беларусі са 100 да 131 USD.

Цяпер кошт аднаразовай візы (тэрмінам да 90 дзён) для грамадзяніна ЗША складае 131 USD, двухразовай – 232 USD, шматразовай – 333 USD. Доўгатэрміновая шматразовая віза тэрмінам дзеяння 1 год абыдзецца ў 350 USD.

Тарыфы консульскіх збораў за афармленне віз для астатніх еўрапейскіх краін не змяняліся і аднолькавыя для грамадзян Францыі, Італіі, Нямеччыны і інш. Аднаразовая віза (кошт дзелавых і гасцявых віз аднолькавы) каштуе 65 EUR, двухразовая – 115 EUR, трохразовая – 165 EUR, шматразовая – 300 EUR; адна-, двух - і трохразовая турыстычныя візы каштуюць адпаведна 50, 90 і 130 EUR. Пры афармленні віз па тэрміновым тарыфе (цягам 48 гадзін) консульскі збор за іх афармленне павялічваецца ўдвая.

Пры ўездзе ў Беларусь уязную візу можна аформіць у аэрапорце ў консульскім пункце МЗС. Пры гэтым стаўка консульскага збору для грамадзян дзяржаў, дзе маюцца консульскія ўстановы РБ, для афармлення дзелавой і гасцявой віз складзе 100 EUR, турыстычнай – 45 EUR, шматразовай гасцявой – 265 EUR.

Для грамадзян Латвіі, Літвы і Эстоніі, а таксама краін, у якіх адсутнічаюць консульскія ўстановы РБ, кошт дзелавой і гасцявой візы складзе 70 EUR, турыстычнай – 35 EUR. Шматразовая гасцявая віза, аформленая ў менскім аэрапорце, грамадзянам Латвіі, Літвы і Эстоніі абыдзецца ў 155 EUR, грамадзянам дзяржаў, у якіх адсутнічаюць консульскія ўстановы РБ, – 220 EUR. Самыя высокія тарыфы ў консульскім пункце МЗС ўсталяваныя для грамадзян ЗША: кошт дзелавой, гасцявой, турыстычнай, транзітнай, групавой візы (з 1 чалавека) – 180 USD, або 125 EUR, шматразовай гасцявой кароткатэрміновай – 350 USD, або 250 EUR, шматразовай на 1 год і з правам знаходжання не больш за 90 дзён – 500 USD, або 345 EUR. Пры выдачы гасцявой, турыстычнай і транзітнай віз дзецям да 16 гадоў – грамадзянам ЗША на аснове ўзаемнасці спаганяецца сума ў памеры 100 USD, або 70 EUR.

Як растлумачылі ў МЗС, усталяванне больш высокіх тарыфаў у аэрапорце звязанае з тым, што віза выдаецца цягам 5-10 хвілін (калі ўсе пададзеныя на візу дакументы аформленыя правільна і няма неабходнасці ў дадатковай праверцы), а гэта патрабуе дадатковых выдаткаў.

Нагадаем, што Беларусь засталася за межамі Шэнгенскай прасторы, хоць мела ўсе шанцы стаць удзельнікам Еўрапейскай палітыкі добрасуседства. Для гэтага краіне трэба было прыняць 12 прапаноў Еўразвяза, галоўныя з якіх: вызваліць палітвязняў, даць свабоду слову і правесці свабодныя выбары. Кошт віз для грамадзян Беларусі складае 60 еўра.

Апошнія навіны