Канстытуцыйнаму суду забаранілі крытыкаваць уладу
- 19.02.2008, 12:49
Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць актывізацыі працы Канстытуцыйнага суду і ўзмацнення канстытуцыйнага кантролю ў краіне і адзначыў, што "сутнасць кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўна-прававых актаў, якія прымаюцца ў краіне, не павінна зводзіцца да іх крытыкі".
"Канстытуцыйны кантроль павінен быць узмоцнены і стаць яшчэ больш эфектыўным. Асабліва гэта актуальна ва ўмовах працэсу пашырэння кампетэнцыі органаў выканаўчай улады, які праводзіцца апошнім часам", – адзначыў ён, прадстаўляючы на пасаду старшыню Канстытуцыйнага суду Пятра Міклашэвіча.
Пры гэтым Лукашэнка заявіў, што "сутнасць кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўна-прававых актаў, якія прымаюцца ў краіне, не павінна зводзіцца да іх крытыкі". "Канстытуцыйны суд павінен бачыць перспектыву развіцця нацыянальнага заканадаўства не толькі з пункту гледжання падручнікаў або замежнага досведу, а зыходзячы з наяўных сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных рэалій у нашай дзяржаве і ў жыцці ўвогуле", – сказаў А.Лукашэнка.
Ён лічыць, што Канстытуцыйны суд павінен уносіць "пэўныя прапановы па кірунках удасканалення айчыннага заканадаўства, а не абмяжоўвацца канстатаваннем выяўленых фактаў". У гэтым звязку, адзначыў прэзідэнт, "неўзабаве з суддзямі Канстытуцыйнага суду мы вызначым дадатковыя кірункі, па якіх задзейнічаем спецыялістаў і суддзяў Канстытуцыйнага суду".
А.Лукашэнка падкрэсліў, што "Канстытуцыйны суд не павінен быць замкнёнай сістэмай, адарванай ад дзяржавы і грамадства".
"І нельга выпускаць з-пад увагі галоўнае – праца Канстытуцыйнага суду істотна ўплывае на стабільнасць у нашай дзяржаве", – заявіў прэзідэнт Беларусі.