BE RU EN

Здаецца, у краіне спее змова супраць Лукашэнкі…

  • 19.02.2008, 14:42

Аляксандр Лукашэнка сёння абрынуўся з крытыкай на службоўцаў уласнай Адміністрацыі і Генеральнай Пракуратуры. Паводле яго слоў, ён адчувае, што вакол яго пачынаюць дзейнічаць «некаторыя асобы», пракуроры заняліся палітыкай, адміністрацыя прэзідэнта робіць ціск на вышэйшыя органы дзяржаўнай улады. «Ці бачыце, іх хвалюе, як на нас паглядзяць Амерыка і Еўразвяз!» – заявіў Лукашэнка.

Пракуратура «бясчынствуе»?

"Бясчынства ў краіне не будзе, а асобным працаўнікам пракуратуры свае асобныя амбіцыйныя самалюбныя планы давядзецца пакінуць дзе-небудзь дома. Або пакінуць працу ў пракуратуры", – заявіў А.Лукашэнка, прадстаўляючы на пасадзе Генеральнага пракурора Рыгора Васілевіча.

Па словах кіраўніка дзяржавы, "пракуратура, першым чынам Генеральная пракуратура – гэта частка нашай праваахоўнай сістэмы, гэта частка нашага грамадства, абавязкова падкантрольная частка". "Таму неўзабаве кантроль за дзейнасцю пракуратуры з майго боку будзе ўзмоцнены", – сказаў А.Лукашэнка.

Беларускі кіраўнік заявіў "пра адсутнасць часам прафесіяналізму ў працы працаўнікоў пракуратуры". "Не тое, што вы не ведаеце, як рабіць, а гняце тое, што ў некаторых з вас занадта шмат амбіцый", – адзначыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, "пракуроры забылі, якую функцыю на вас усклаў закон". "Гэтую крытыку ў поўнай меры адношу і да сабе ў сувязі з тым, што і з майго боку было занадта шмат даверу да пракуратуры і ў сувязі з гэтым атрымалася такая сітуацыя", – заявіў ён.

А.Лукашэнка адзначыў, што яму "бракуе інфармацыі пра сітуацыю ў праваахоўных органах, бракуе прафесійнай адэкватнай ацэнкі". "Я адчуваю, што вакол мяне пачынаюць некаторыя асобы дзейнічаць і кіраваць пракуратурай. Гэта катэгарычна недапушчальна. Я не дазволю ціснуць ні на суды, ні на пракурорскіх працаўнікоў", – падкрэсліў беларускі кіраўнік.

А.Лукашэнка лічыць недапушчальным, што "некаторыя ў судах пракуроры заняліся палітыкай". "Ці бачыце, іх хвалюе, як на нас паглядзяць Амерыка і Еўразвяз. Гэта не вашы праблемы, гэта праблемы прэзідэнта і прэм'ер-міністра, гэта мы будзем разбірацца з палітычнымі пытаннямі. А у вас ёсць закон і Канстытуцыя.

Дзейнічайце, карэктуючы свае дзеянні, сувымяраючы з запытамі і запатрабаваннямі нашага грамадства", – заявіў ён.

«Стаўцеся да людзей па-чалавечы, асабліва да кіраўнікоў»

Нагадаўшы пра сваё нядаўняе наведванне прадпрыемства "Віцязь", А.Лукашэнка сказаў, што "дзякуючы" галавацяпству праваахоўных органаў гэтае прадпрыемства куляецца і не можа выйсці з таго становішча, у якое яго загналі". "А вынік? Прайшло некалькі гадоў, дзе пракуратура? І чаму не спыталі, чаму следства вядзецца столькі часу з бухты-барахты?" – спытаў А.Лукашэнка.

Пры гэтым ён папярэдзіў: "Вы ж можаце ўміг апынуцца такімі ж простымі людзьмі як яны". "Стаўцеся да людзей па-чалавечы, асабліва да кіраўнікоў. І калі прад'яўляеце прэтэнзіі асабліва да кіраўнікоў высокага ўзроўню, імёны якіх маюць грамадскае гучанне, то прад'явіце так, каб нельга было выкруціцца", – заявіў А.Лукашэнка.

"А так складаецца практыка: хтосьці камусьці нешта сказаў, сведчанні даў і дагэтуль на свабодзе ходзіць. Вышэйшая службовая асоба давайце пасадзім, а злачынец, які хабары даваў і злачынствы здзяйсняў, на свабодзе. Задаю пытанне пракурорам – чаму?" – спытаў прэзідэнт краіны.

Звяртаючыся ў гэтым звязку да працаўнікоў пракуратуры, А.Лукашэнка заявіў: "Калі вам хтосьці замінае – вы скажыце". "У мяне дастаткова ўлады, каб усіх сёння паставіць на месца", – падкрэсліў ён.

«Папярэджваю адміністрацыю прэзідэнта…»

Лукашэнка заявіў, што неўзабаве мае намер вярнуцца да разгляду пытанняў, звязаных з дзейнасцю праваахоўных органаў і пракуратуры. "Папярэджваю адміністрацыю прэзідэнта: ніякага ціску на вышэйшыя органы дзяржаўнай улады быць не павінна". "Вы спецыялісты, памочнікі прэзідэнта. Вы павінны прафільтраваць інфармацыю, якая ідзе да прэзідэнта і выказаць свой пункт гледжання", – сказаў А.Лукашэнка.

"Але ціснуць, ствараць арэол нейкай непраўдападобнасці вакол службовых асоб – гэтага быць не павінна, гэтаму павінен быць пакладзены канец", – падкрэсліў ён.

Апошнія навіны