Дата выбараў узгодненая – 28 верасня
- 19.02.2008, 16:26
Чарговыя парламенцкія выбары ў Рэспубліцы Беларусь могуць прайсці ў нядзелю 28 верасня цяперашняга года.
Гэтая дата папярэдне ўзгодненая з кіраўніком дзяржавы, паведаміла БелТА старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына.
«Указ прэзідэнта краіны аб прызначэнні выбараў з'явіцца прыблізна ў канцы чэрвеня. Выбарчая кампанія пачнецца не пазней за 28 чэрвеня», – распавяла Лідзія Ярмошына. Першым этапам выбараў у беларускі парламент стане стварэнне акруговых выбарчых камісій. Яны ўтворацца згодна з колькасцю дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, то бок іх будзе 110. Пасля пачнецца вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты.
Старшыня Цэнтральнай камісіі нагадала, што, паводле дзейнага заканадаўства, існуе тры спосабы вылучэння кандыдатаў у дэпутаты: ім можа стаць прадстаўнік пэўнага працоўнага калектыву, палітычнай партыі, а таксама любы грамадзянін Беларусі старэйшы за 21 год, які сабраў тысячу подпісаў у сваю падтрымку.
Лідзія Ярмошына таксама падкрэсліла, што занясення якіх-небудзь змяненняў у выбарчае заканадаўства Беларусі не плануецца.