У менскім аэрапорце не здолеў узляцець самалёт
- 20.02.2008, 8:53
У панядзелак у 16.35 самалёт-блізнюк лайнера CRJ-100, які разбіўся ў Ерэване мусіў выконваць рэйс з Менска ў маскоўскі аэрапорт Дамадзедава. Самалёт разагнаўся на ўзлётнай паласе, але не ўзляцеў.
Пасажыры захваляваліся. Яшчэ б – пяць дзён таму такая ж машына ўпала ў Арменіі, і таксама пры ўзлёце. Лайнер яшчэ раз ад'ехаў у пачатак паласы, зноў разгон – і зноў ён не здолеў узляцець!..
– 37 пасажыраў тэрмінова эвакуявалі з самалёта, – распавяла «КП в Беларуси» крыніца ў Нацыянальным аэрапорце Менск. – Рэйс затрымаўся больш як на гадзіну. За гэты час мы падрыхтавалі свабодны Ту-154, перасадзілі людзей туды. Гэта вялікія страты для «Белавія»: бо Ту-154 выкарыстоўвае ў тры разы больш паліва, ды і разлічаны ён на 164 чалавекі!..
Самалёт, які не здолеў узляцець, адбуксавалі на тэхнічную праверку. Высветлілася, адбыўся тэхнічны збой: не спрацавалі закрылкі. Без гэтага судна ўзляцець не можа. Але нават учора днём інжынеры не маглі сказаць, у чым прычына паломкі. Праз гэта ўчора адмянілі два прамых рэйса – на Прагу і на Берлін, якія павінны былі выконвацца на гэтым судне.
– Усе, хто павінен быў паляцець з Менска, паляцелі! – бадзёра адказалі нам у касе аэрапорта. – Каго праз Кіеў адправілі, каго праз Варшаву…
На пытанне, чаму няспраўны самалёт не замянілі іншым, наша крыніца адказала:
– Як гэта не смутна, але свабодных самалётаў не было. Быў толькі Ту-134, але яго не пускаюць у Еўропу з прычыны высокага ўзроўню шуму. Вось і давялося перакідваць людзей на іншыя рэйсы. Незадаволеных было вельмі шмат!..
ДАРЭЧЫ
У мінулую пятніцу, 15 лютага, намеснік генеральнага дырэктара «Белавія» Ігар Чаргінец, адказваючы на пытанне пра другі самалёт CRJ-100, сказаў «Комсомолке»:
– Ён будзе выконваць любыя рэйсы, у тым ліку і ў Ерэван.
КАЛІ ВЯРСТАЎСЯ НУМАР
Учора ўвечары стала вядома, што прычынай няспраўнасці самалёта стаў кампутарны збой. Няспраўнасць ліквідавалі. Ужо сёння, 20 лютага, самалёт зноў стаіць у графіку палётаў.