BE RU EN

Кожнае крэсла ў актавай зале журфака, дзе выступаў Лукашэнка, каштуе 400 у.е.

  • 20.02.2008, 12:58

У артыкуле «Переезд на Кальварийскую: приказано выжить!..», размешчаным на афіцыйным сайце факультэта журналістыкі, гаворыцца, што кожнае крэсла актавай залы каштуе 400 у.е.

Прывядзем цытату: «Пяты паверх. Актавая зала на 360 месцаў. Шыкоўна. Не параўнаць з актавай залай на Маскоўскай. Маленькая дэталь: кожнае крэсла каштуе 400 у.е.».

Разам: 144 тысячы у.е. (ці тое даляраў, ці тое еўра, ва ўсялякім выпадку сума нечуваная). У гэтым жа артыкуле невядомага аўтара, апублікаваным яшчэ да візіту Аляксандра Лукашэнкі ў новы будынак журфака, адзначаецца, што ў кампутарных класах «пакуль няма ні новых кампутараў, ні падключэння да Інтэрнэту. Няма і тэлефонных ліній. Пакуль што будзем жыць без тэлефоннай сувязі і без Інтэрнэту».

Паводле дадзеных на 19 лютага, тэлефонныя лініі і сусветная сетка там так і не былі падключаныя. Больш за тое, ліфты ўключаліся толькі двойчы: 12 лютага падчас візіту прэзідэнта і 18 лютага, калі ў новы будынак чарговым разам зазірнуў рэктар БДУ Васіль Стражаў.

– Кажуць, што студэнтаў у актавую залу пускаць не будуць, бо яго абсталяванне абышлося занадта дорага: і крэслы (яны прыкручаныя да полу), і пакрыццё, – распавёў «Салiдарнасцi» адзін з супрацоўнікаў журфака.

Паводле афіцыйных дадзеных, плошча будынка факультэта на вул. Кальварыйскай, 9 дасягае 25.600 кв. м, працягласць – больш за 800 метраў. Новы корпус разлічаны на 2500 студэнтаў, якія вучацца на факультэце журналістыкі і факультэце філасофіі і сацыяльных навук.

P.S. Неўзабаве пасля з'яўлення гэтага матэрыялу артыкул «Переезд на Кальварийскую: приказано выжить!..» стаў недаступным для свабоднага чытання.

Апошнія навіны