Падаткавікі «сур'ёзна» возьмуцца за інтэрнэт-гандаль
- 20.02.2008, 14:21
Міністэрства па падатках і зборах Беларусі лічыць неабходным выпрацаваць механізмы спынення "шэрых" схем у інтэрнэт-гандлю, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску першы намеснік міністра па падатках і зборах Уладзімір Палуян.
На яго думку, прынятых раней мер па ўпарадкаванні інтэрнэт-гандлю ў Беларусі недастаткова. "Праблема ў тым, што суб'екты гаспадарання маюць сур'ёзныя магчымасці "шэрых" схем для сыходу ад падаткаабкладання, выкарыстоўваючы інтэрнэт-тэхналогіі", – зазначыў У.Палуян. "Дзяржавай прымаюцца меры для таго, каб абмежаваць такія магчымасці, напрыклад, сертыфікуюцца ўсе дамены, на якіх адпаведныя суб'екты гаспадарання адкрываюць свае сайты, але гэтага недастаткова", – дадаў ён.
Першы намеснік міністра зазначыў, што "ёсць сур'ёзнае пытанне для працы падатковых органаў, і мы думаем, як яго рэалізаваць". Ён заявіў, што "адпаведныя меры будуць прынятыя".