Зварот да беларусаў свету з нагоды Дня Волі
- 20.02.2008, 15:21
Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвілла зьвярнулася да беларусаў свету з нагоды сьвяткаваньня ў Беларусі 25 сакавіка.
Старшыня Рады БНР прапанавала беларусам замежжа зьвярнуцца да ўрадаў краін пражываньня з тым, каб яны паўплывалі на сёньняшнюю ўладу Беларусі.
“Дарагія Суродзічы, у краінах сьвету, дзе Вы пражываеце, дайце да ведама Вашым уладам пра нязносныя адносіны лукашэнкаўскай намэнклятуры да нашай моладзі, мовы і спадчыны. Зьвярніцеся да Вашых урадаў, каб тыя далі да ведама лукашэнкаўскаму рэжыму, што сьвет не будзе вечна талераваць зьдзеку на беларускіх вуліцах і праспэктах над мірнымі дэманстрантамі, якія 25 Сакавіка будуць урачыста адзначаць 90-ую гадавіну БНР, наш Дзень Волі і Незалежнасьці. Разам мы асягнем нашу мэту – волю і дэмакратыю для нашага народу”, - вядзецца ў звароце Старшыні Рады БНР да беларусаў замежжа.
Івонка Сурвілла нагадвае, што Акт аб Незалежнасьці 25 Сакавіка 1918 году прымаўся ў надзвычай складаных умовах, нягледзячы на якія “беларускі народ знайшоў адвагу і сілу абвесьціць сьвету, што ён таксама хоча быць гаспадаром у сваёй хаце”.
“Менавіта Акт 25-га Сакавіка ёсьць найбольш каштоўным дакумэнтам у гісторыі беларускага народу, без якога беларусаў магчыма ўжо не было-б. Таму 90-ыя ўгодкі гэтай падзеі мы з удзячнасьцю мусім адзначыць”, - падкрэсьлівае ў звароце да беларусаў Старшыня Рады БНР.