Еўрапарламент прагаласуе па рэзалюцыі аб сітуацыі ў Беларусі
- 21.02.2008, 8:37
21 лютага падчас абмеркавання сітуацыі ў Беларусі ў Еўрапарламенце адбудзецца галасаванне па праекце рэзалюцыі. Узгоднены ўсімі фракцыямі парламента праект тэксту размешчаны на сайце Еўрапарламента. У праекце рэзалюцыі еўрадэпутаты выказваюць "глыбокае шкадаванне", што становішча ў галіне дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закона ў Беларусі не паляпшаецца, бо працягваюцца "адвольныя затрыманні актывістаў грамадзянскай супольнасці, ціск на незалежныя СМІ".
Гэтыя факты "ідуць насуперак апошнім заявам беларускага ўрада пра гатоўнасць палепшыць стасункі з Еўразвязам", гаворыцца ў дакуменце.
У ім таксама асуджаюцца арышты і выключэнні з ВНУ, якія былі пасля за акцыяй салідарнасці ў Менску 16 студзеня (такія акцыі арганізуюцца ў 16 дзень кожнага месяца ў знак салідарнасці з рэпрэсаванымі. – БелаПАН.). Акрамя таго, еўрадэпутаты заклікаюць асудзіць той факт, што Беларусь – адзіная краіна ў Еўропе, дзе ўжываецца пакаранне смерцю.
Праект рэзалюцыі вітае датэрміновае вызваленне асобных актывістаў дэмакратычнай апазіцыі, а таксама рашэнне беларускіх улад аб адкрыцці ў Менску прадстаўніцтва Еўракамісіі, назваўшы гэта "станоўчым крокам у бок аднаўлення дыялогу з ЕЗ". Дакумент нагадвае, што ўмовы для ўключэння Беларусі ў Еўрапейскую палітыку добрасуседства былі пазначаныя ў стратэгіі ЕЗ у лістападзе 2006 года. "Каб пачаць сур'ёзны дыялог з ЕЗ, Беларусі неабходна выканаць астатнія 11 рэкамендацый", – адзначаецца ў праекце.
У дакуменце выказваецца салідарнасць з аб'яднанымі дэмакратычнымі сіламі Беларусі і "ўсімі беларусамі, хто імкнецца да незалежнай, адкрытай, дэмакратычнай Беларусі, заснаванай на вяршэнстве закона".
Еўрапарламент заклікае беларускія ўлады "неадкладна і безумоўна вызваліць апошняга палітычнага зняволенага" Аляксандра Казуліна, а таксама спыніць пераслед і ціск на актывістаў дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
Праект рэзалюцыі змяшчае заклік да Камісіі і Рады ЕЗ разгледзець магчымасць зрабіць шэнгенскія візы для беларусаў бясплатнымі.
Еўрапарламент таксама заклікаў Камісію, Раду ЕЗ і ўсю міжнародную супольнасць "зрабіць шырэйшую дапамогу беларускай грамадзянскай супольнасці, у прыватнасці, павялічыць фінансавую дапамогу незалежным СМІ, няўрадавым арганізацыям і беларускім студэнтам, якія вучацца за мяжой".