BE RU EN

Арыштанты з Акрэсціна звярнуліся да Навумава

  • 21.02.2008, 9:10

Грамадзяне, якія адбывалі адміністрацыйныя арышты ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП) на вуліцы Акрэсціна ў Менску, просяць міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава забяспечыць захаванне правоў арыштаваных у гэтай установе. Адпаведны ліст накіраваны У.Навумаву 20 лютага. Пра гэта БелаПАН паведаміў лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Паводле яго слоў, ліст падпісалі 12 чалавек. Яны патрабуюць забяспечыць захаванне законных правоў арыштантаў, якія ўтрымліваюцца ў ЦІП, правесці праверку па фактах парушэнняў і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

Грамадзяне адзначаюць, што правілы ўнутранага распарадку спецыяльных устаноў органаў унутраных спраў, якія выконваюць адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, былі прынятыя 8 жніўня 2007 года як пастанова МУС у выкананне ч. 2 арт. 18.7 Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Беларусі. Дакумент падпісалі У.Навумаў і выканаўца абавязкаў генеральнага пракурора Сцяпан Касуха.

Падпісанты патрабуюць абсталяваць ЦІП таксафонам і рэалізаваць права адміністрацыйна арыштаваных на тэлефонныя званкі, забяспечыць арганізацыю штодзённых шпацыраў на свежым паветры, а таксама даць магчымасць арыштаваным карыстацца пасцельнымі прыналежнасцямі. "Нічога гэтага ў акрэсцінскім ЦІП затрыманым не падаецца, хоць прадугледжанае правіламі ўнутранага распарадку", – адзначыў А.Лябедзька.

"Гаворка ідзе пра элементарную выканальніцкую дысцыпліну. Мы прапаноўваем Навумаву забяспечыць выкананне правіл унутранага распарадку спецустановамі ў адной асобна ўзятай установе. І мне цікава, што адкажа нам Навумаў, бо ў гэтым патрабаванні няма ніякай палітыкі – толькі просьба выканаць тыя дакументы, якія сам Навумаў і падпісаў", – паведаміў А.Лябедзька.

Нагадаем, аналагічны зварот 11 лютага быў адпраўлены генеральнаму пракурору Беларусі Рыгору Васілевічу.

"Пакуль з пракуратуры адказу няма, хоць нядаўна сам Васілевіч заяўляў пра тое, што ў пракуратуры трэба ўзмацніць працу з зваротамі грамадзян. З другога боку, месяц на адказ яшчэ не мінуў. І, як правіла, адказы нам даюцца ў апошнія дні перад заканчэннем тэрмінаў", – адзначыў А.Лябедзька.

Апошнія навіны