Усё больш беларусаў супраць АЭС
- 21.02.2008, 14:02
Збор подпісаў супраць будаўніцтва беларускай АЭС маюць намер арганізаваць у Чэрыкаўскім раёне Магілёўскай вобласці.
Як паведаміў БелаПАН арганізатар кампаніі Раман Раждзественскі, збор подпісаў пачнецца "ў самыя блізкія выходныя". Ён будзе праходзіць у рамках грамадскай антыядзернай ініцыятывы Горацкага раёна.
Тым часам у самім Горацкім раёне гэтую ініцыятыву падтрымалі ўжо больш як 1.300 жыхароў рэгіёна. Па словах прэс-сакратара ініцыятывы Эдуарда Брокарава, збор подпісаў не спыніцца, пакуль рашэнне аб будаўніцтве АЭС не будзе скасаванае. У рамках інфармавання насельніцтва актывісты ініцыятывы таксама знялі відэаролік пра кампанію, якая праводзіцца.
Нагадаем, у звароце да ўлад Беларусі, пад якім падпісваюцца жыхары Горацкага раёна, гаворыцца: "Мы не хочам жыць на парахавой бочцы ў чаканні чарговай катастрофы. Мы заклікаем прэзідэнта, урад і парламент адмяніць прынятае рашэнне аб будаўніцтве АЭС, а неабходныя сродкі накіраваць на стварэнне бяспечных тэхналогій энергазабеспячэння".