«Газпром»: Цана на газ для Беларусі можа памяняцца
- 22.02.2008, 11:28
У адказ на заявы беларускага прэм'ера ў «Газпроме» паведамілі, што не выключаюць змянення цаны на газ для Беларусі цягам года.
Цана на газ на 2008 год для Беларусі фармуецца згодна з формулай, як раней заяўляў "Газпром", паведаміла супрацоўніца прэс-службы ТАА "Газпром" Таццяна Галубовіч, каментуючы заяву прэм'ер-міністра Беларусі пра тое, што цягам 2008 года цана на газ для Беларусі змяняцца не будзе.
"Гэтая сітуацыя не змянілася. Цана фармуецца па формуле, што адпавядае ўмовам кантракту, на пастаўку і транзіт газу, які мы склалі 31 снежня 2006 года. На першы квартал яна складае $119. Формула залежыць ад цэн на кошык нафтапрадуктаў. Яна можа змяняцца, павышаючыся або паніжаючыся", – дадала прадстаўніца "Газпрома".
Нагадаем, 21 лютага прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што цягам 2008 года цана на газ для краіны змяняцца не будзе. "Згодна з дамоўленасцю цягам 2007 года цана на газ была на ўзроўні $100 за 1000 кубаметраў, з гэтага года дадалі 19%, і ў нас ёсць упэўненасць, што да канца года цана падвышацца не будзе", – заявіў прэм'ер.
Сенсацыйнае прызнанне зрабіў на днях Аляксандр Лукашэнка падчас інтэрв'ю РІА “Новости” і тэлеканалу Russia Today. Паводле яго слоў, Расея пагражае «падвойным» падвышэннем кошту газу для Беларусі цягам 2008 года. «Мільярды тры, пэўна, нам давялося канфіскаваць жывых грошай з эканомікі і заплаціць. Гэта вялікія грошы для Беларусі…Але Расея пагражае нам цяпер падвойным падвышэннем цэн на газ цягам гэтага года», – заявіў беларускі кіраўнік.