BE RU EN

«Чорныя скрыні» не раскрылі прычыну аварыі самалёта «Белавія»

  • 22.02.2008, 15:00

Расшыфроўка "чорных скрынь" самалёта CRJ-100 беларускай авіякампаніі "Белавія", які разбіўся 14 лютага ў ерэванскім аэрапорце "Звартноц", не знайшла прычын аварыі, заявіў начальнік Галоўнага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі Арменіі (ГУГА) Арцём Мавсісян.

"Расшыфроўка бартавых самапісцаў, якая праводзілася ў Маскве з прычыны адсутнасці ў Арменіі такіх умоў, выявіла, што рухавікі самалёта працавалі нават пасля таго, як борт перавярнуўся, гаручага ў баках таксама было дастаткова", – сказаў Мавсісян у пятніцу, паведамляе РІА «Новости».

Ён паінфармаваў, што пасля расшыфроўкі самапісцаў у Маскве яны будуць адпраўленыя ў Канаду для спецыяльнай апрацоўкі па адмысловых матэматычных формулах, пасля чаго высновы будуць прадстаўленыя спецкамісіі па расследаванні прычын авіякатастрофы.

У аэрапорту "Звартноц" 14 лютага адбылося авіяздарэнне з самалётам CRJ-100LR, які выконваў рэйс Ерэван-Менск. Адразу пасля адрыву ад узлётнай паласы машына стала хіліцца налева, перавярнулася вакол падоўжнай восі на 180 градусаў, сутыкнуўшыся з зямлёй, развалілася і згарэла. На борце знаходзіліся 18 пасажыраў – грамадзяне Арменіі, Расеі, Украіны, Беларусі і Грузіі, і тры сябры экіпажа – грамадзяне Беларусі. Ахвяр няма, пасля аварыі былі шпіталяваныя 11 чалавек.

Пацярпеўшы крушэнне самалёт быў зроблены ў 1999 годзе ў Канадзе фірмай Bombardier і разлічаны на 48 месцаў. Уладальнікам лайнера з'яўляецца нямецкая кампанія, зарэгістраваны ён у Балгарыі, а эксплуатуе яго па лізінгу беларуская кампанія.

Расследуе прычыны крушэння спецыяльная камісія, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэта, авіяцыйных улад Арменіі, Беларусі, Канады.

Апошнія навіны