Прадпрымальнікі: Не хочаце размаўляць – выйдзем на вуліцы
- 22.02.2008, 16:25
Баранавіцкі гарвыканкам (Берасцейская вобласць) адмовіў індывідуальным прадпрымальнікам (ІП) у правядзенні агульнага сходу з прадстаўнікамі ўлады 28 лютага.
Як паведаміў БелаПАН 22 лютага сябар каардынацыйнай рады Баранавицкага кааператыўнага рынку Мікола Чарнавус, 19 лютага ІП накіравалі ліст у гарвыканкам з просьбай падаць ім залу для правядзення агульнага сходу з удзелам прадстаўнікоў улады 28 лютага. 21 лютага была атрыманая пісьмовая адмова. «У лісце паказанае, што ўлады лічаць немэтазгодным правядзенне сходу. Яны лічаць, што такія сходы праводзіліся неаднаразова, аднак гэта няпраўда – толькі адзін раз з намі сустракаліся, пасля мітынгу», – сказаў М.Чарнавус.
Нагадаем, дадзеная сустрэча была арганізаваная пасля мітынгу, які прайшоў у Баранавічах 11 лютага.
М.Чарнавус паведаміў, што пасля адмовы ІП склалі новую заяўку і 21 лютага аднеслі яе ў гарвыканкам. «Калі з намі не хочуць сустракацца прадстаўнікі ўлады – не трэба. Хай пададуць нам хаця б залу, дзе мы маглі б абмеркаваць сваё далейшае існаванне, а таксама пытанні падвышэння арэнднай платы за гандлёвыя месцы і павелічэння стаўкі адзінага падатку», – адзначыў ён. Па словах актывіста, у заяўцы ІП просяць выдзеліць ім залу 28 лютага. Калі ж такой магчымасці не будзе, яны маюць намер правесці сход 1 сакавіка на тэрыторыі Баранавіцкага кааператыўнага рынку.