BE RU EN

Прэм'ер Польшчы пагадзіўся на размяшчэнне амерыканскай ПРА

  • 25.02.2008, 13:53

Прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск падтрымлівае размяшчэнне на тэрыторыі краіны элементаў сістэмы проціракетнай абароны ЗША, калі Вашынгтон акажа ёй дапамогу ў мадэрнізацыі ўзброеных сілаў. Пра гэта польскі кіраўнік заявіў у эфіры польскага тэлебачання, перадае Associated Press.

"Калі проціракетны шчыт стане дадатковым этапам агульнай мадэрнізацыі ўзброеных сілаў Польшчы, так што мы зможам пачувацца ў бяспецы, мой адказ – так", – заявіў Туск на пытанне аб сваім дачыненні да размяшчэння ПРА.

Напярэдадні з аналагічнай заявай выступіў міністр абароны Польшчы Богдан Кліх.

1 лютага 2008 года Польшча і Злучаныя Штаты дасягнулі прынцыповай згоды наконт планаў Вашынгтона па размяшчэнні на польскай тэрыторыі элементаў амерыканскай сістэмы проціракетнай абароны. Кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі па выніках перамоў з амерыканскім бокам у Вашынгтоне паведаміў, што здаволены вынікамі кансультацый. Паводле яго слоў, Злучаныя Штаты пачулі боязі Варшавы адносна гарантый бяспекі Польшчы ў сувязі з размяшчэннем ПРА.

У рамках праекту па стварэнні проціракетнага шчыта ва Усходняй Еўропе ЗША маюць намер пабудаваць радыёлакацыйную станцыю ў Чэхіі, на тэрыторыі вайсковага палігона Брды недалёка ад Прагі, а таксама размясціць 10 ракет-перахопнікаў на тэрыторыі Польшчы. Белы дом засвядчае, што гэтыя меры неабходныя для абароны Еўропы ад магчымых ракетных атак з боку так званых "дзяржаў-ізгояў", у прыватнасці Ірана і Паўночнай Карэі.

Супраць гэтых планаў выступае Масква, хоць міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў запэўніў, што Расея не будзе аказваць ціск на Польшчу або іншыя краіны па пытанні размяшчэння элементаў ПРА ва Усходняй Еўропе. Аднак раней камандуючы Ракетнымі войскамі стратэгічнага прызначэння РФ генерал-палкоўнік Мікалай Салаўцоў не выключаў, што аб'екты проціракетнай абароны ЗША ў Польшчы і Чэхіі могуць стаць новымі цэлямі расейскіх ракет.

Апошнія навіны