BE RU EN

Актор Павал Харланчук: «Ушанаваць памяць тых людзей, якія заснавалі БНР»

  • 26.02.2008, 12:20

25 сакавіка Беларусь сьвяткуе 90 гадоў ад дня абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Чым ёсьць угодкі абвяшчэньня БНР для Беларусі сёньняшняй? Былы актор тэатру імя Горкага, звольнены адтуль з палітычных меркаваньняў, Павал Харланчук мяркуе, што галоўнае ў сьвяткаваньні Дня Волі – гэта ачысьціць беларускую гісторыю ад савецкага пылу і ушанаваць памяць тых людзей, якія заснавалі БНР.

У інтэрвію “Радыё Свабода” Павал Харланчук, беларускі актор і рэжысэр, звольнены з тэатру імя Горкага вясной 2006-га году з палітычных прычын, распавёў свае меркаваньні, як варта адсьвяткаваць Дзень Волі.

- Мая мара была б такая: каб селі гісторыкі, 2 ці 3, каб гэта была размова, а не адзін чалавек з экрану “вяшчаў”... І каб яны гутарылі пра тое, што насамрэч гэтая дата сабой уяўляе. Каб знаныя гісторыкі, дасьледчыкі друкавалі свае артыкулы на гэтую тэму, каб дыскі, можа, распаўсюджвалі з гісторыяй БНР, дакумэнтальныя фільмы... Каб шэсьце было не СУПРАЦЬ, а ЗА – за тое, каб ушанаваць памяць тых людзей, якія заснавалі БНР...

Мне асабіста не хапае інфармацыі, што насамрэч было – бо колькі нам запэцкалі гісторыі сапраўднай... То я б хацеў ачысьціць гэтую гісторыю. А калі салюты ў гэты дзень будуць, гэта ўсё адно не адлюструе сапраўднай гісторыі і не дадасьць інфармацыі і сьвяточнасьці.

- А для Вас асабіста – чым ёсьць гэты дзень?

- Я шчыра прызнаюся – я пра гэтае сьвята з пункту гледжаньня нашай гісторыі ведаю ня так нядаўна - я, можна сказаць, ахвяра нашай савецкай пазбаўленасьці гісторыі. Ну, можа і чуў нешта раней пра БНР з гісторыі, але ж разумееце, якая гэта гісторыя была. Магу шчыра сказаць, што сьвяткаваць гэтае сьвята пачаў толькі летась. Аднак спадзяюся, што з цягам часу, пашырэньнем гістарычных ведаў гэтае сьвята стане значна большым у маім жыцьці.

Апошнія навіны