BE RU EN

Xtep дапаможа беларускім алімпійцам

  • 26.02.2008, 14:38

Беларускія спартсмены неўзабаве змогуць прымерыць экіпіяванне, у якім ім маецца выступаць на Алімпіядзе-2008 у Пекіне. Паводле дамоўленасці, узоры алімпійскай спартовай формы павінны прыбыць у Менск у канцы лютага, паведаміў генеральны сакратар НАК Георгій Катулін сёння на працоўнай нарадзе з трэнерамі нацыянальных зборных у Міністэрстве спорту і турызму.

Ён адзначыў, што кітайская бясплатна забяспечыць неабходным экіпіяваннем беларускіх алімпійцаў. Больш за тое, калі нашы атлеты стануць прызёрамі ХХIХ летніх Алімпійскіх гульняў, яны атрымаюць ад гэтай кампаніі немалыя бонусы — за першае месца $10 тыс., за другое — $5 тыс., а за трэцяе — $3 тыс. Пасля праверкі ўзораў формы на адпаведнасць памерам вытворцы абяцаюць зрабіць поўны камплект экіпіявання для беларускіх спартсменаў, уключна паралімпійцаў. Агульная замова беларускага боку, а гэта каля паўтысячы камплектаў, будзе гатовая ў красавіку, удакладніў Георгій Катулін.

Старшыня аргкамітэта па падрыхтоўцы да Алімпіяды-2008 віцэ-прэм'ер Аляксандр Касінец падкрэсліў, што ўрад робіць усё магчымае для таго, каб наша спартовая дружына падышла да стартаў у Пекіне ў аптымальным стане. Калі ў працэсе падрыхтоўкі ўзнікаюць праблемы, то яны вырашаюцца і будуць вырашацца аператыўна. На думку віцэ-прэм'ера, у 164 дні, якія засталіся да Аліпійскі гульняў, беларускія спартсмены могуць заваяваць яшчэ нямала ліцэнзій.

Міністр спорту і турызму Аляксандр Грыгораў дадаў, што пропуск на Алімпіяду-2008 павінны яшчэ атрымаць нашы баксёры, бадмінтаністы, дзюдаісты, пяціборцы, стрэлкі з лука і коннікі. Нялёгкая задача стаіць перад жаночымі зборнымі Беларусі па баскетболе і хакею на траве, якіх чакаюць неўзабаве і кваліфікацыйныя перадалімпійскія турніры. На сёння, нагадаў міністр, у актыве беларускіх спартсменаў 142 алімпійскія ліцэнзіі ў 15 відах спорту, паведамляе БелТА.

Апошнія навіны