Старшыня «палаткі» марыць вярнуцца да Канстытуцыйнага акта
- 27.02.2008, 9:01
Праект Канстытуцыйнага акта «саюзнай дзяржавы» гатовы для разгляду на Вышэйшым Дзяржсавеце, заявіў старшыня «палаты прадстаўнікоў» «нацыянальнага сходу» Беларусі Вадзім Папоў.
"Мяркую, што пасля выбараў, якія пройдуць у Расеі, і інаўгурацыі прэзідэнта, з'явіцца магчымасць абмеркаваць напрацаваны праект дакумента ў ВДС", – дадаў спікер.
Калі сябры Вышэйшага Дзяржсавета зробяць якія-небудзь заўвагі, то камісія па распрацоўцы Канстытуцыйнага акту гатовая аператыўна ўнесці неабходныя папраўкі. Для гэтага ў яе ёсць цалкам кваліфікаваныя эксперты, лічыць Папоў. У выпадку, калі ВДС ухваліць дакумент, то ў Беларусі і Расеі адначасова павінен будзе прайсці рэферэндум – сваю пазіцыю выкажа народ.
Вадзім Папоў падкрэсліў, што Канстытуцыйны акт – гэта сур'ёзны дакумент з 68 раздзелаў. Ён заснаваны на дзейнай саюзнай дамове, у якой галоўнымі органамі кіравання з'яўляюцца Вышэйшы Дзяржсавет, “саюзныя” ўрад і парламент. Суразмоўца дадаў, што "калі ВДС на дадзеным этапе палічыць патрэбным прапрацаваць і варыянт прэзідэнцкага кіравання, то камісія гатовая яго разгледзець". "Але пакуль дактрына адзіная – кіравацца “саюзнай” дамовай. Таму што, калі адыходзіць ад яе, то тады трэба вельмі хутка прымаць новыя рашэнні, праводзіць рэферэндум і прапісваць, што дамова дзейнічае толькі ў тых рамках, якія не супярэчаць Канстытуцыйнаму акту", – сказаў Вадзім Папоў.