Пракуратура працягвае справу «Маладога Фронту»
- 28.02.2008, 11:09
19-гадовай актывістцы моладзевага дэмакратычнага руху Кацярыне Салаўёвай 27 лютага прад'яўленае абвінавачванне ў «злачынстве», прадугледжаным артыкулам 193-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі (дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі).
Адказнасць па гэтым артыкуле прадугледжвае штраф, арышт на тры месяцы, альбо пазбаўленне свабоды на тэрмін да двух гадоў.
27 лютага падчас допыту ў гарадской пракуратуры Полацка следчы Аляксандр Машарскі паведаміў, што ўжо 28 лютага К.Салаўёвай будуць перададзеныя матэрыялы крымінальнай справы для азнаямлення.
Нагадаем, 5 снежня 2007 года К.Салаўёва была прызнаная падазраванай па двух эпізодах: дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі (арт. 193-1) і здзек над дзяржаўнымі сімваламі (арт. 370). Першая крымінальная справа звязана з дзейнасцю арганізацыі "Малады фронт", другая з падзеямі 30 кастрычніка, калі невядомыя знялі з страхі будынка полацкай пракуратуры дзяржаўны сцяг, разарвалі яго на часткі і прывязалі да дзвярэй пракуратуры.
"Другая крымінальная справа за здзек над дзяржаўнымі сімваламі ў дачыненні К.Салаўёвай прыпыненая. Следства вырашыла, што для яго далейшага працягу недастаткова звестак", — паведаміла сяброўка Кацярыны Салаўёвай Т.Шапуцька.