Апазыцыйную моладзь вымушаюць вучыцца за мяжой
- 28.02.2008, 12:22
Палажэньне аб правядзеньні абавязковай гутаркі пры паступленьні на “пэўныя” спецыяльнасьці ВНУ атрымаюць на наступным тыдні. Аб гэтым паведаміў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандар Жук.
«Пастанова цяпер ужо знаходзіцца ў Мінюсьце на рэгістрацыі. На наступным тыдні яна будзе даведзена да ўсіх ВНУ», — сказаў першы намеснік міністра.
Паводле слоў Аляксандра Жука, пасьля гэтага пачнецца рэгістрацыя кандыдатаў для паступленьня на адпаведныя спэцыяльнасьці. У красавіку будзе арганізавана гутарка ў тых ВНУ, якія рыхтуюць спэцыялістаў гэтых прафэсій, піша “Наша ніва”.
Цікава, што ў прыватных ВНУ таксама будзе праводзіцца гутарка на тых факультэтах, дзе рыхтуюць спэцыялістаў “адпаведных” прафесій. Аднак гэты парадак не распаўсюджваецца на грамадзян іншых дзяржаў, якія хочуць атрымаць адукацыю па “пэўных” спецыяльнасьцях у ВНУ нашай краіны.
Нагадаем, з наступнага навучальнага году, каб паступіць у ВНУ Беларусі на такія спецыяльнасьці як “дзяржаўнае кіраваньне”, “міжнародныя зносіны”, “журналістыка”, “правазнаўства”, “зьнешнеэканамічная дзейнасьць” і шэраг іншых, перш чым абітурыента дапусьцяць да іспыту, ён мусіць прайсьці так званае сумоўе на “прафпрыдатнасьць”.
Праваабаронцы лічаць, што гэтым новаўвядзеньнем улады хочуць пазбавіць апазыцыйную моладзь магчымасьці атрымаць вышэйшую адукацыю па “элітных” спецыяльнасьцях, чым парушаюць Канстытуцыю краіны, якая гарантуе атрыманьне адукацыі паводле здольнасьцяў і зацікаўленьняў, а не паводле стаўленьня да існага рэжыму.
Выпадае, што найлепшым прадстаўнікам беларускай моладзі прыйдзецца шукаць магчымасьцяў атрыманьня такой адукацыі за мяжой.