Прамысловасць працуе на склад
- 28.02.2008, 13:25
Няўхільнае паніжэнне на спажывецкім рынку краіны долі айчынных тавараў ператвараецца ў адно з самых праблемных пытанняў урада. Доля імпартных тавараў у агульнай таварнай структуры ўжо перавысіла крытычны мінімум, пасля якога варта казаць пра пагрозу эканамічнай бяспекі краіны.
Паводле інфармацыі «Завтра твоей страны», з падачы адміністрацыі прэзідэнта гэтая тэма перавандравала ў спіс найважнейшых задач урада.
Пра гэта ярка сведчаць дадзеныя Міністэрства статыстыкі і аналізу Беларусі. У 2007 годзе пры агульным рознічным гандлёвым абарачэнні ў 36,4 трл рублёў доля імпартных тавараў склала 13,3 трл. рублёў. атрымліваецца, 36% з таго, што купілі летась беларусы – быў імпарт.
З тавараў нехарчовай групы найбольш хвалюе ўрад павелічэнне продаж імпартнай электрабытавой тэхнікі – халадзільнікаў і маразільнікаў, тэлевізараў, пральных машын.
Гонар айчыннай прамысловасці, ААТ «Атлант», вырабіў у 2007 годзе на 21% халадзільнікаў і маразільнікаў больш, чым у 2006 годзе. Аднак імпарт за мінулы год павялічыўся ў 11 разоў! У выніку ўлады змушаныя канстатаваць па гэтай пазіцыі падзенне долі айчыннай прадукцыі і рост імпартнай. Яшчэ ў 2004 годзе продаж айчынных халадзільнікаў складаў 93,1% рынку, летась – ужо 76%.
Аналагічная сітуацыя з тэлевізарамі. «Гарызонт» і «Віцязь» летась самі паменшылі зборку тэлепрыёмнікаў на 34% – не бярэ народ тавар. У тым ліку і таму, што прадпрыемствы не здолелі аператыўна адрэагаваць на кан'юнктуру рынку: вытворчасць сучасных вадкакрысталічных і плазменных тэлевізараў складае на беларускіх заводах усяго 1% ад агульнага аб'ёму выпуску.
Аб'ём імпарту пральных машын у параўнанні з 2003 годам павялічыўся ў 5,9 разоў. Імпарт і тут выцясняе мясцовыя мадэлі галоўным чынам на склады.
Увесь час павялічваецца на беларускім рынку доля імпартных сінтэтычных мыючых сродкаў, трыкатажных і панчошна-шкарпэткавых вырабаў, абутку.
Па таварах харчовай групы найбольш сур'ёзныя праблемы ў вытворцаў макароны, садавінагародніных кансерваў. Доля айчыннай макароны скарацілася ў параўнанні з 2004 годам з 73% да 60% у 2007 году. Агароднінныя і фруктова-ягадныя кансервы беларускай вытворчасці займаюць на рынку, па аптымістычных дадзеных, ужо каля 63%.