У Светлагорску – эпідэмія СНІДу
- 28.02.2008, 14:32
У самым праблемным па гэтай страшнай хваробе рэгіёне Беларусі нічога не могуць зрабіць з яе распаўсюджваннем. Нядаўна адбылося пасяджэнне раённага Каардынацыйнага савета па праблемах ВІЧ/СНІД. Галоўная навіна – летась статыстыка па колькасці новых носьбітаў віруса ў Светлагорску і Светлагорскам раёне пагоршылася. Прычым пагоршылася значна. Амаль удвая.
У 2007 годзе былі зафіксаваныя 190 выпадкаў заражэння ВІЧ-інфекцыяй, а да гэтага штогод рэгістравалася блізу 100. Ужо ў студзені 2008 года былі выяўленыя 20 новых носьбітаў інфекцыі, яшчэ 5 – на пачатку лютага. Для параўнання, усяго ў Беларусі ў студзені выяўленыя 72 ВІЧ-інфікаваных пацыенты. Гэта значыць, на Светлагорск і Светлагорскі раён прыходзіцца амаль траціна хворых. Асноўным шляхам перадачы ВІЧ-інфекцыі апошнім часам з'яўляецца палавы: у 2007 годзе больш як 70% носьбітаў заразіліся інфекцыяй менавіта такім спосабам.
У планах мясцовых улад – выраб тыражом не менш 20 тысяч асобнікаў і распаўсюджванне сярод насельніцтва Светлагорскага раёна спецыяльных інфармацыйных улётак па праблемах ВІЧ/СНІД, стварэнне відэаролікаў, дэманстрацыя па мясцовым ТБ сацыяльнай рэкламы, правядзенне традыцыйных акцый, прымеркаваных да Сусветнага дня прафілактыкі СНІДу.